Максим Рыженков. Фото: МИД
Беларусь лічыць краіны ЕС, асабліва дзяржавы Балтыі, ненадзейнымі партнёрамі і сумняваецца ў неабходнасці выкарыстоўваць іх парты для перавалкі сваіх тавараў. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю расійскаму РІА «Навіны».
Адказваючы на пытанне, ці гатовая Беларусь вярнуцца да старых адносін з Захадам пасля заканчэння вайны ва Украіне, Рыжанкоў заявіў, што балтыйскія краіны — ненадзейныя партнёры.
«Ёсць два бакі гэтага моманту. Па-першае, Еўрасаюз і яго асобныя члены, асабліва балтыйскія краіны, — вельмі ненадзейныя і непаслядоўныя партнёры. Трэба сто разоў падумаць, ці патрэбныя нам увогуле парты Балтыі для перавалкі нашых тавараў з-за такіх эмацыйных, неабгрунтаваных выбухаў эмоцый. “Мы — вялікія краіны, члены Еўрапейскага саюза, таму сёння можам прыняць нацыянальныя санкцыі, забараніць нешта беларусам, заўтра — калійныя тэрміналы арыштаваць, у Клайпедзе паслязаўтра — не пусціць сухое малако, якое ідзе ў Афрыку ў кантэйнерах”.
У нас ёсць санаторый у Друскінінкаі, які трэба “адціснуць”. Разумееце? Сёння пазіцыя адна, заўтра — другая, паслязаўтра — трэцяя», — сказаў Рыжанкоў.
На яго думку, з такімі суседзямі Мінску цяжка выбудоўваць прагматычныя і гарантаваныя адносіны.
Кіраўнік беларускага МЗС падкрэсліў, што Беларусь не будзе ахвяраваць адносінамі з саюзнікамі і ўжо выбудаванымі ланцужкамі паставак “дзеля вырашэння імгненных пытанняў”.
Ён таксама нагадаў пра канфіскаваныя Украінай беларускія вагоны, грузавікі і рачныя судны з таварамі.
«Як можна заўтра проста ўзяць і сказаць: “Усё скончылася, давайце працаваць”. Дзесяць разоў трэба потым думаць, разумееце?» — заявіў Рыжанкоў.
Рыжанкоў таксама дапусціў магчымую сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Дональда Трампа, заявіў, што на сустрэчах з Джонам Коўлам абмяркоўвалася пытанне калійных угнаенняў, але «не цаной нашых адносін з Расіяй» і адзначыў, што Беларусь падтрымлівае кантакты з краінамі ЕС, але не афішуе іх.
Нагадаем, Беларусь адправіла ў ЗША 30 тысяч тон калію праз порт Бронка ў Санкт-Пецярбургу. Прыбыццё грузу ў ЗША чакаецца 14 кастрычніка.