Рыжанкоў правёў сустрэчу з Гутэрышам

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у чацвёрты дзень візіту ў Нью-Ёрк сустрэўся з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам. Як паведамілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве, ён «падзякаваў яму за падтрымку мірных ініцыятыў Беларусі».

«Генеральны сакратар ААН высока ацаніў уклад Беларусі ў дзейнасць ААН», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

На сустрэчы з генеральным дырэктарам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрасам Адханомам Гебрэесусам абмяркоўваліся праекты, якія плануецца рэалізаваць у Беларусі пры ўдзеле СААЗ. У прыватнасці, гаворка ішла пра доступ да міжнародных платформаў закупак лекаў, навучанне спецыялістаў і выкарыстанне досведу ў вывучэнні ўплыву радыяцыі на здароўе чалавека.

З намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам замежных спраў Грузіі Макай Бачарышвілі абмяркоўваліся гандлёва-эканамічныя сувязі і праца міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.

«Бакі выказалі задавальненне прагрэсам, дасягнутым за апошнія паўтара года ў палітычным дыялогу», — заявілі ў беларускім МЗС.

Рыжанкоў і Бачарышвілі абмяняліся думкамі пра сітуацыю ў рэгіёне і неабходнасць працягваць кантакты на міжнародных пляцоўках. Бакі таксама адзначылі рост узаемных турыстычных патокаў і кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Грузіі.

Таксама ў кулуарах 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку адбылася сустрэча з міністрам замежных спраў Амана Бадрам аль-Бусаідзі. На ёй было абвешчана, што неўзабаве ў Беларусь прыбудзе першы ў гісторыі пасол Амана з рэзідэнцыяй у Мінску.

Фота: t.me/BelarusMFA
Фота: t.me/BelarusMFA