Расійскія дроны абляталі беларускі выступ пры палёце на захад Украіны

Расійскія дроны падчас атакі на заходнюю частку Украіны ўдзень 13 мая ляцелі ўздоўж беларускай мяжы, пры гэтым аблятаючы выступ у раёне Чарнобыля. На гэта звярнуў увагу ў сваім тг-канале саветнік міністра абароны Украіны Сяргей “Флэш” Бяскрэстнаў.

“Кожны раз праціўнік імкнецца змяніць тактыку прымянення “Шахедаў”. На гэты раз “Шахеды” рухаюцца ўздоўж мяжы РБ на адлегласці 5-10 км, літаральна адзін за адным і адразу ў вялікай колькасці. Праціўнік разлічвае перагрузіць нашу СПА, каб як мага больш цэляў прарвалася ўглыб краіны на захад”, — спачатку адзначыў ён.

Праз некаторы час Бяскрэстнаў звярнуў увагу на тое, што “Шахеды” маглі б зрэзаць шлях, праляцеўшы над тэрыторыяй Беларусі, але не зрабілі гэтага.

“Цікавае назіранне. Сотні “Шахедаў” маглі праляцець над РБ на невялікім участку. Замест гэтага яны аблятаюць мяжу РБ. Для ворага гэта дадатковыя рызыкі быць збітымі, дадатковы час палёту, дадатковыя складанасці праграмавання маршруту. Гэта сведчыць пра тое, што РБ не спяшаецца прадастаўляць РФ сваю паветраную прастору нават на некалькі кіламетраў”, — дадаў ён.

Нагадаем, Расія масіравана атакавала Украіну на працягу амаль сутак. За гэты час былі выпушчаныя больш за 1500 дронаў. Учора ўдзень больш за 800 беспілотнікаў прарываліся ў заходнюю частку краіны. Сёння ноччу больш за 700 сродкаў паражэння, уключаючы ракеты, былі ў асноўным нацэленыя на Кіеў і вобласць.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!