Расійскія ўдарныя дроны амаль тыдзень не з’яўляліся каля мяжы Беларусі з Украінай

На працягу тыдня ўздоўж украінска-беларускай мяжы не фіксавалі пралёты груп расійскіх ударных беспілотнікаў, якія да гэтага практычна штодня рухаліся ўздоўж Гомельскай вобласці, піша «Флагшток».

Напрыклад, 28 кастрычніка Паветраныя сілы УСУ 8 разоў паведамлялі пра рух груп беспілотнікаў і асобных БПЛА ўздоўж мяжы Гомельскай вобласці. Пасля гэтага наступіла паўза. Толькі 3 лістапада ўздоўж мяжы ў напрамку Кіеўскай вобласці праляцеў адзін рэактыўны беспілотнік. З таго часу падобных паведамленняў больш не паступала.

У «Флагштоку» выказалі намер высветліць, з чым можа быць звязана змяненне сітуацыі.