Фото: Manel & Sean, unsplash.com
Раніцай 16 кастрычніка расійскі боепрыпас «Бандэроль» зноў заляцеў у паветраную прастору Беларусі. Ён перасёк мяжу з боку Украіны і праляцеў праз Гомельскую вобласць, паведамляе «Флагшток».
Паводле інфармацыі ўкраінскага маніторынгавага канала «еРадар», боепрыпас перасёк беларускую мяжу каля 09:05 падчас масіраванай паветранай атакі Расіі на Украіну. Ён праляцеў праз Брагін углыб Беларусі. Паводле даных мадэратара канала, апарат заляцеў у краіну праз Чарнобыль.
На тэрыторыі Гомельскай вобласці боепрыпас знаходзіўся каля 5 хвілін. У 09:10 ён вярнуўся ў паветраную прастору Украіны і накіраваўся ў бок Чарнігава. У раёне Славуціча яго перасталі фіксаваць.
«Бандэроль» уяўляе сабой малагабарытны баражыруючы боепрыпас, які спалучае характарыстыкі крылатай ракеты і рэактыўнага дрона-камікадзэ. Ён прымяняецца для ўдараў па інфраструктуры.
Як адзначае рэсурс, папярэдні падобны выпадак быў зафіксаваны ў жніўні.