Расія выпусціла па Украіне больш за 650 дронаў і тры дзясяткі ракет. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«З ночы працягваецца масіраваны расійскі ўдар па Украіне, найперш па нашай энергетыцы, па грамадзянскай інфраструктуры, літаральна па ўсёй інфраструктуры жыцця. Больш за 650 дронаў ужо было, і значная частка — гэта „шахеды“. Больш за тры дзясяткі ракет.
Зараз на большай частцы тэрыторыі Украіны захоўваецца рэжым паветраных трывог», — напісаў Зяленскі, дадаўшы, што да ліквідацыі наступстваў удару падключаныя ўсе службы.
Паводле яго слоў, у Кіеўскай вобласці загінула жанчына, у Хмяльніцкай вобласці таксама ёсць ахвяра. У Жытомірскай вобласці ў выніку трапляння дрона ў жылы дом загінула 4-гадовае дзіця.
Пад ударам былі 13 абласцей Украіны. Зяленскі адзначыў, што значную частку сродкаў паражэння ўдалося збіць.
«Гэты расійскі ўдар вельмі выразна сігналізуе пра расійскія прыярытэты. Удар перад Раством, калі людзі хочуць проста пабыць са сваімі роднымі, дома, у бяспецы. Удар фактычна ў разгар перамоваў, якія вядуцца для завяршэння гэтай вайны. Пуцін ніяк не можа змірыцца з тым, што трэба перастаць забіваць. І гэта азначае, што свет цісне на Расію недастаткова.
Зараз трэба рэагаваць. Трэба дадушваць Расію да міру і гарантаванай бяспекі. Трэба не забываць, што кожны дзень — і ў будні, і ў святы — Украіна абараняе жыццё людзей. СПА для Украіны, фінансаванне на закупку ўзбраення, забеспячэнне энергетычным абсталяваннем — усё гэта працэсы, якія не спыняюцца на выходныя. Трэба быць адданымі абароне жыцця, каб нарэшце дасягнуць міру. Дзякуй усім, хто дапамагае Украіне! Дзякуй кожнаму лідару, кожнаму палітыку, хто сёння не будзе маўчаць і асудзіць Расію за ўчыненае», — заключыў Зяленскі.