Расія выпусціла па Украіне больш за 110 ракет і дронаў

Расія выпусціла па Украіне 111 сродкаў паражэння, пачынаючы з 18 гадзін аўторка. Былі выкарыстаны 108 беспілотнікаў розных тыпаў, дзве балістычныя ракеты “Іскандэр-М” і кіраваная авіяцыйная ракета Х-31, паведамілі ў Паветраных сілах Украіны.

СПА змагла нейтралізаваць 89 беспілотнікаў, зафіксаваны трапленні дзвюх балістычных ракет, адной авіяцыйнай ракеты і 9 беспілотнікаў у 8 лакацыях.

Нагадаем, Расія ў аднабаковым парадку абвясціла аб перамір’і 8-9 мая, прыгразіўшы ўдарам па цэнтры Кіева ў выпадку зрыву святкавання 9 мая. У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў аб рэжыме цішыні з поўначы 6 мая.

Сёння пасля поўначы выбухі прагрымелі ў Дняпры. На горад ляцелі дроны, якія былі запушчаны яшчэ 5 мая. Таксама пасля поўначы раздаваліся выбухі ў Харкаўскай вобласці.

Каля 4 раніцы ўкраінскі бок зафіксаваў пускі карэктаваных авіябомбаў на Сумскую, Харкаўскую і Данецкую вобласці, а з пяці раніцы ішла бамбардзіроўка Запарожскай вобласці.

Пазней беспілотнікі атакавалі Харкаў. У горадзе ёсць трапленні ў двух раёнах, пашкоджаны 7 прыватных дамоў. Ёсць двое пацярпелых.

У Запарожжы была пашкоджана прамысловая інфраструктура. Таксама ёсць пашкоджанні інфраструктуры ў Крывым Рогу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!