Фото: kremlin.ru
Расія прызнае, што Еўропа павінна прысутнічаць на перамовах па абмеркаванні бяспекі на кантыненце, але Расія павінна разумець, з чым ЕС прыйдзе на перамовы. Для гэтага Расія запрасіла ў Маскву прадстаўнікоў Еўропы, заявіў Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з Дональдам Трампам і Сі Цзіньпінам.
Пуцін заявіў, што на далучэнні Еўропы да перамоў Украіны, Расіі і ЗША настойвае Вашынгтон.
«Што тычыцца прысутнасці на гэтых перамовах еўрапейцаў. Амерыканскі бок настойліва, менавіта настойліва, просіць нас пагадзіцца з удзелам еўрапейцаў у гэтых перамовах. Але мы ж чуем кожны дзень, што транслююць нам еўрапейскія лідары. «Вайна, вайна, трэба рыхтавацца да 30-га года». Мы не збіраемся ні на каго нападаць, што рыхтавацца да 30-га года, а адтуль увесь час чуем. Ну, гэта нармальна? Думаю, што не», — сказаў Пуцін.
Ён прызнаў, што абмяркоўваць пытанні бяспекі ў Еўропе было б няправільна без прысутнасці еўрапейцаў, а бяспека Украіны павінна быць упісана ў еўрапейскую бяспеку.
«Але тым не менш, мы разумеем, што абмяркоўваць пытанні, звязаныя з бяспекай, у тым ліку бяспекай у Еўропе, без еўрапейцаў бессэнсоўна. Чаму я цяпер гэта кажу ў прывязцы да Украіны? Вельмі просты адказ. Таму што адзін з ключавых кампанентаў урэгулявання, на думку ўкраінскага боку, заключаецца ў забеспячэнні іх бяспекі.
І мы згодныя. Гэтак жа як павінна быць забяспечана і бяспека Расіі, павінна быць забяспечана і бяспека самой Украіны. Гэта праўда. А, але як яна павінна быць забяспечана — гэта пытанне. І таму мы пагадзіліся з прапановай амерыканскіх перамоўшчыкаў, з прапановай аб тым, што бяспека Украіны павінна быць упісана ў агульнаеўрапейскую бяспеку. Што тут дрэннага? Што за істэрыку мы бачым цяпер у некаторых еўрапейскіх сталіцах? Што дрэннага? Бяспека Украіны павінна быць упісана ў еўрапейскую бяспеку», — заявіў Пуцін.
Паводле слоў Пуціна, прадстаўнікі Еўропы па дыпламатычных каналах былі запрошаныя ў Расію для вызначэння пазіцыі, а пасля гэтай сустрэчы Расія прыме рашэнне аб далейшым фармаце перамоў.
«Але вядома, што абмяркоўваць бяспеку Еўропы без Еўропы таксама дзіўна было б, так? Мы не супраць. Але нам трэба зразумець, з чым і Еўропа прыйдзе на гэтыя перамовы. І таму мы па дыпламатычных каналах прапанавалі еўрапейцам прыехаць у Маскву для таго, каб вызначыць іх пазіцыю. А пасля гэтага мы вырашым, у якім фармаце будзем працягваць дыялог з Украінай», — заявіў расійскі прэзідэнт.
Пуцін пагадзіўся, што Украіна мае права на бяспеку, і падкрэсліў, што такое ж права ёсць у Расіі.
Ён таксама заявіў, што Расія не псавала адносіны з Еўропай.
«Нас амерыканцы ўсё заклікаюць наладзіць адносіны з Еўропай. Але мы з імі не псавалі адносіны, Гэтую палітычную дыярэю трэба спыняць. Што яны там кажуць пра нейкія напады на Еўропу? Усе ж разумеюць, што мы не імкнёмся да вайны з Еўропай, што за лухта. Гэта першае. А другое, трэба нейкі дыялог наладзіць з імі, а потым ужо размаўляць, у тым ліку і на такіх міжнародных пляцоўках, дзе замест дасягнення нейкіх дамоўленасцей і нейкіх рашэнняў можа адбыцца нейкі там гандаль, недарэчны для эканамічнай арганізацыі», — заявіў ён, каментуючы запрашэнне Трампа на саміт G20.
Пуцін таксама прапанаваў Украіне пагаджацца на кампрамісы, прапанаваныя да Анкарыджа, і прыгразіў “балючым” адказам на ўдары па Крымскім мосце.