Фото: kremlin.ru
Украіна павінна пагадзіцца з варыянтам перамір’я, прапанаваным да Анкарыджа, калі хоча спынення вайны, заявіў Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з Дональдам Трампам і Сі Цзіньпінам.
Пуцін заявіў, што і ЗША, і Кітай зацікаўлены ў спыненні вайны.
«Расія зацікаўлена ў спыненні канфлікту ва Украіне. Запэўніваю вас, у нас няма ніякага жадання працягваць гэты ўзброены канфлікт. Але пытанне не толькі, ці нават не столькі ў нас сёння. Пытанне ва ўкраінскім баку.
Хачу паўтарыць яшчэ раз: калі яны хочуць завяршыць канфлікт, няхай пагаджаюцца з тымі кампрамісамі, якія былі прапанаваныя яшчэ да Анкарыджа амерыканцамі, мы з імі пагадзіліся. І цяпер справа за Украінай», — прапанаваў Пуцін.
Нагадаем, «кампраміс» прадугледжваў адмову Украіны ад Данецкай і Луганскай абласцей.
«Украіна ж што кажа: мы ўтрымаем астатнія 10% тэрыторыі Данецка яшчэ нейкі час. Але калі яны нейкі час яе трымаюць, а потым усё роўна не змогуць, ці ёсць сэнс трымаць гэтыя 10% у што б там ні стала? Гэта такое прымітыўнае, ну, цалкам законнае пытанне, мне здаецца.
Таму гэта не толькі наша пытанне, але і пытанне таго рэжыму, які ўсталяваўся ў Кіеве ў свой час і мае першаснай крыніцай паходжання ўлады дзяржаўны пераварот. Ну, нават з гэтымі людзьмі мы гатовыя да дыялогу, калі ласка», — заявіў Пуцін.
На прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з Трампам і Сі Цзіньпінам Пуцін назваў Крымскі мост «выключна мірным аб’ектам».
«Мы ўжо вельмі даўно, даўно, дарэчы, я даваў такое прамое ўказанне, Крымскі мост не выкарыстоўваем ні для перавозкі ваеннай тэхнікі, ні для перавозкі, перамяшчэння боепрыпасаў. Мы нават нават нафту і нафтапрадукты не перавозілі праз мост. Гэта выключна грамадзянскі аб’ект», — заявіў Пуцін.