Расія спрабуе ўцягнуць Беларусь глыбей у вайну супраць Украіны і разглядае планы аперацый з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны або адной з краін NATO, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 15 мая пасля нарады з кіраўніцтвам Генштаба УСУ, ГУР, Службы знешняй разведкі і СБУ.
Паводле слоў Зяленскага, Украіна працягвае фіксаваць расійскія спробы глыбей уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.
«Ведаем, што адбыліся дадатковыя кантакты паміж расіянамі і Аляксандрам Лукашэнкам, мэтай якіх з’яўляецца пераканаць яго далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый.
У прыватнасці, Расія разглядае планы аперацый па напрамках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — або супраць Чарнігаўска-Кіеўскага напрамку ва Украіне, або супраць адной з краін NATO — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна валодае дэталямі размовы паміж Расіяй і Беларуссю», — сказаў Зяленскі.
Ён папярэдзіў, што Украіна будзе абараняць сябе, «калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расійскі намер».
Зяленскі даручыў узмацніць адпаведны напрамак ва Украіне і прадставіць план рэагавання.
