Расія нанесла масіраваны ўдар па Украіне

Расія сёння нанесла масіраваны ракетна-дронавы ўдар па Украіне. Уначы расіянамі ўжываліся беспілотнікі. Раніцай яны запусцілі ракеты. Яны рухаліся з боку Сумскай і Чарнігаўскай абласцей у напрамку цэнтральных і заходніх рэгіёнаў Украіны.

Украінскія СМІ паведамлялі пра выбухі ў Кіеве і Адэсе. Таксама «шахеды» фіксаваліся на захадзе краіны, у прыватнасці ў Львоўскай вобласці.

Пад ударам знаходзіцца ўкраінская энергетыка, паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі. У Кіеве, Кіеўскай, Кіраваградскай, Сумскай, Днепрапятроўскай, Жытомірскай, Чаркаскай і Чарнігаўскай абласцях уведзеныя экстраныя адключэнні электраэнергіі.

Польшча сёння ўзнімала ў паветра знішчальнікі і павышала гатоўнасць СПА. Такія меры прымаюцца кожны раз пры пагрозе расійскіх ракетна-дронавых атак па заходніх рэгіёнах Украіны.

Дапоўнена

Паводле інфармацыі ДСНС Украіны, у Кіеўскай вобласці загінуў 1 чалавек, яшчэ трое пацярпелі, у тым ліку дзіця. У двух раёнах пашкоджаныя прыватныя дамы.

У Адэсе была атакаваная энергетычная, партовая і транспартная інфраструктура. Узніклі пажары, пашкоджана судна, склад, у адным з раёнаў пашкоджаныя вокны і дахі ў 122 прыватных дамах. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулых і пацярпелых няма.

Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
Фота: ДСНС Украіны
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!