Фото: t.me/V_Zelenskiy_official
(Абноўлена) Расія і Украіна правялі чарговы абмен ваеннапалоннымі. Кожны з бакоў перадаў па 200 чалавек, паведамілі ў Міністэрстве абароны РФ.
Паводле інфармацыі ведамства, расійскія вайскоўцы ў цяперашні час знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дзе ім аказваецца медыцынская і псіхалагічная дапамога. У далейшым іх плануюць даставіць у Расію для лячэння і рэабілітацыі ў медыцынскіх установах Мінабароны Расіі.
Пасярэднікамі ў арганізацыі абмену выступілі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і ЗША.
Паводле інфармацыі расійскага МЗС, новы абмен палоннымі паміж Расіяй і Украінай па формуле “300 на 300” запланаваны на 6 сакавіка. Паводле інфармацыі ведамства, усяго 5–6 сакавіка плануецца вярнуць 500 расійскіх вайскоўцаў.
Дапоўнена:
Абмен палоннымі пацвердзіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, сярод вызваленых — абаронцы Марыупаля, Данецкай, Луганскай, Харкаўскай абласцей, Запарожжа. Ваяры Узброеных Сіл, Дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту, памежнікі і нацгвардзейцы.
“Я ўдзячны ўсім, хто дапамагае Украіне. Дзякуй Злучаным Штатам за падтрымку ў рэалізацыі гэтага абмену. Удзячны ўсім нашым ваярам, якія на фронце забяспечваюць папаўненне абменнага фонду для Украіны. Вяртанне нашых дадому — гэта вынік сілы ўкраінскіх абаронцаў”, — напісаў ён у Telegram.