Расія атакавала Украіну сотнямі дронаў і ракет. Вядома пра 4 загінулых

Расія нанесла масіраваны ўдар па Украіне. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў пра чатырох загінулых і шматлікіх параненых. Ліквідацыя наступстваў працягваецца ў Кіеўскай, Сумскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласцях.

Паводле інфармацыі ўкраінскага лідара, падчас удару Расія задзейнічала каля 430 дронаў розных тыпаў і 68 ракет, з якіх 13 — балістычныя. Паводле папярэдніх звестак, 58 ракет збітыя ўкраінскай сістэмай СПА. Асноўнай мэтай была энергетыка Кіеўскага рэгіёна, аднак пашкоджаныя таксама жылыя дамы, школы і грамадзянскія прадпрыемствы.

Зяленскі заклікаў партнёраў паскорыць пастаўкі сістэм супрацьпаветранай абароны і нарошчваць вытворчасць ракет для СПА, асабліва супраць балістыкі.

«Кожная дамоўленасць пра пастаўкі ракет не можа чакаць», — заявіў ён, папярэдзіўшы, што Расія будзе выкарыстоўваць вайну на Блізкім Усходзе для ўзмацнення ўдараў па Украіне.

Фота: t.me/V_Zelenskiy_official
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!