Афіша фэсту. Фота: сацсеткі "Нефільтраванага кіно".
З 28 сакавіка па 25 красавіка ў Варшаве, Вільнюсе, Берліне і Хельсінкі пройдзе ХІІ фестываль кароткаметражных фільмаў «Нефільтраванае кіно». Сёлета форум прапануе гледачам заняць месца Адысея: выбрацца з «воску ў вушах» масавай культуры і зрабіць уласны выбар паміж цішынёй і радыкальным сэнсарным досведам.
Канцэпцыя: Адысея ў лічбавым тлуме
Сёлетні «Нефільтр» натхнёны інтэрпрэтацыяй Адорна і Хоркхаймера: Адысей чуе спеў сірэн, але прывязаны да мачты і не можа дзейнічаць, а яго весляры дзейнічаюць, але не чуюць. Фестываль заклікае разбурыць гэтую іерархію. У праграме — шэсць тэматычных блокаў, ад «Прыручаных алгарытмаў» (кіно са штучным інтэлектам) да гастранамічнага эксперыменту «Метанаратывы разам з Food&Footage», дзе гледачам прапануюць «паспрабаваць тое, пра што нельга казаць».
Напрыклад, у праграме «Скрозь гукі сірэн» сабраныя кароткаметражныя стужкі, “якія складаюць калектыўную медытацыю на тэму сучаснага гарадскога жыцця”. “Гэта карта афектаў і трывог нашага часу, умяшанне ў самі спосабы нашага ўспрымання”, — адзначае каманда фэсту.
У блоку «Прыручаныя алгарытмы» кінематаграфісты ўступаюць у дыялог з машынай. У ёй прадстаўлены фільмы, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту, мазгавых хваль і лічбавых галюцынацый. Гэта кіно не пра будучыню, а пра нашу сучаснасць у тэхнагенным ландшафце.
Фінскае эксперыментальнае і дакументальнае кіно можна пабыць ў праграме «Solo Soul Sauna». Гэта медытатыўныя стужкі, якія назіраюць за памяццю і стратай праз «сціплую лінзу» паўночнай перыферыі.
У блоку «Метанаратывы разам з Food&Footage» ежа становіцца спосабам «пераварыць» складаныя тэмы — ад каранцінаў да глабальных сістэм ціску.
Беларускі фокус: «Блізкія адлегласці» і «Пад ціскам»
Для беларускага гледача найбольшую цікавасць уяўляюць дзве часткі праграмы незалежнага айчыннага кіно.
«Блізкія адлегласці» (28 сакавіка, 16:00, Варшава, Kinoteka)
Гэтая праграма даследуе момант, калі рэальнасць губляе сваю маналітную ўпэўненасць. Гэта кіно пра далікатнасць унутранага парадку, ілюзію кантролю і тую самую «першую расколіну», пасля якой нішто не можа быць ранейшым. Героі сутыкаюцца з абсурдам: ад перагарэлай лямпачкі ці таямнічага кавалка сыру да незнаёмца ў лесе ці ўласнай глыбокай траўмы.
У праграме: Аляксандра Куцэнь («Лузер»), Аляксандра Чабоцька («Заўтра вы мяне тут не ўбачыце»), Лена Ле («Чалавечае»), Vital Stužka («xCUTx»), Арсеній Алейнік («Кавярня»), Кіра Альшэўскі («Скажыце сыр»), Ганна Суліма («Вера») і польская рэжысёрка Моніка Клімкевіч-Дудзец з вострай драмай «Нічога са мной не бойся», якая пераасэнсоўвае беларуска-польскую мяжу.
«Пад ціскам» (10 красавіка, 19:00, Вільнюс, Zolak)
Гэты блок збірае фільмы пра сутыкненне асобы з «вялікімі сістэмамі» і знешнім ціскам. Тут рэальнасць разбураецца пад націскам абставін, а мова часта не можа выказаць тое, што адбываецца.
Шмат фільмаў у праграме пераклікаецца ў з «Блізкімі адлегласцямі», але ёсць і іншыя карціны. Тут заяўлены: Паліна Рамашка («Прама і па крузе»), Аляксандра Чабоцька («Заўтра вы мяне тут не ўбачыце»), Лена Ле («Чалавечае»), Vital Stužka («xCUTx»), Арсеній Алейнік («Кавярня»), Кіра Альшэўскі («Скажыце сыр»), Ганна Суліма («Вера»), Андрэй Кашперскі («Свінгеры»), Аляксандра Куцэнь («Лузер») і Мікіта Лаўрэцкі («Аўтапартрэт ва ўзросце трыццаці»).
Дзе і калі глядзець?
Фестываль ахопіць некалькі еўрапейскіх сталіц, прапануючы не толькі паказы, але і жывыя дыскусіі з аўтарамі.
Старт: 28 сакавіка ў варшаўскай «Кінатэцы» (pl. Defilad 1). Геаграфія: Варшава, Вільнюс, Берлін, Хельсінкі.
Поўны расклад і падрабязнасці — на сайце фестывалю.
«Нефільтраванае кіно» — гэта незалежная пляцоўка для выказвання, дзе ў цэнтры ўвагі знаходзіцца эксперыментальнае, кароткаметражнае і дакументальнае кіно. Фестываль з’яўляецца адным з найважнейшых асяродкаў для беларускіх аўтараў, даючы прастору для рэфлексіі над сучаснасцю без цэнзуры і фармальных абмежаванняў. Фэст традыцыйна адмаўляецца ад «фільтраў» (як у прамым, так і ў пераносным сэнсе), шукаючы новыя формы для перадачы трывог, надзей і трансфармацый чалавека ў тэхнагенным і палітычна нестабільным свеце.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram