Прыйдзе момант, калі мы ўздымем яго над нашымі гарадамі – Ціханоўская пра бел-чырвона-белы сцяг

Сёння ў Літве адбылася цырымонія ўзняцця беларускага бел-чырвона-белага сцяга каля будынка Сейма Літвы. Гэта частка мерапрыемстваў, прысвечаных 108-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Сёння каля Сейма Літвы мы ўздымаем бел-чырвона-белы сцяг — сімвал нашай волі і няскоранасці.

Гэты сцяг нагадвае, што ёсць іншая Беларусь, несавецкая, нерасейская. Што беларусы — не роўна рэжым. Ён яднае беларусаў: і тых, хто ў выгнанні, і тых, хто дома.

На мінулым тыдні ён лунаў у сотнях гарадоў па ўсім свеце, дзе жывуць беларусы.

У Беларусі сёння такое ўявіць немагчыма. За сцяг караюць гадамі турмы, але ведаю, што многія яго сакрэтна захоўваюць дома. І прыйдзе момант, калі мы ўздымем яго над нашымі гарадамі, і ён вернецца на нашыя вуліцы», – заявіла на цырымоніі Святлана Ціханоўская.

Як паведамілі ў яе Офісе, ва ўзняцці сцяга таксама прынялі ўдзел спікер Сейма Літвы Юозас Олекас і віцэ-маршалак Сената Польшчы Міхал Каміньскі, а таксама дэпутаты Сейма і прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Цырымонія пачалася з хвіліны маўчання ў памяць пра тых, хто аддаў жыццё за свабодную Беларусь.

Пасля цырымоніі ў Сейме пачалася беларуска-літоўская канферэнцыя.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!