Прэс-служба Зяленскага згадала сустрэчу з Ціханоўскай

Прэс-служба прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ўключыла згадку пра сустрэчу са Святланай Ціханоўскай у справаздачу аб дыпламатычнай працы ўкраінскага лідара за студзень.

“У Вільні адбылася важная сустрэча ў фармаце Люблінскага трохкутніка: Украіна, Літва, Польшча. У Літве кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся з лідаркай беларускіх дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай”, — гаворыцца ў публікацыі.

Нагадаем, Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі сустрэліся ў Вільні 25 студзеня ўвечары. Бакі абмеркавалі пытанні двухбаковых адносін і міжнародны парадак дня. У прыватнасці, ішла гаворка пра беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну, санкцыйную палітыку, сумесную стратэгію з амерыканскімі і еўрапейскімі партнёрамі, прыцягненне да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі. Было прапанавана прызначыць спецыяльнага пасланніка па Беларусі. Уладзімір Зяленскі запрасіў Святлану Ціханоўскую наведаць Кіеў. Пазней украінскі прэзідэнт пацвердзіў, што займаецца выбарам кандыдата на пасаду ўпаўнаважанага, які будзе займацца сувязямі з беларускімі дэмсіламі.

Пасля сустрэчы назіральнікі адзначалі, што інфармацыя пра яе ў першую чаргу зыходзіла ад беларускага боку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!