Прэм’ер Саскачэвана назваў беларускія ўгнаенні «крывавым каліем»

Прэм’ер канадскай правінцыі Саскачэван Скот Мо раскрытыкаваў магчымую здзелку ЗША па закупцы калійных угнаенняў у Беларусі. Сваю заяву ён апублікаваў у Facebook.

«Больш за 40 краін — Канада і яе саюзнікі — увялі санкцыі супраць Беларусі за падтрымку ўварвання ваеннага злачынцы Пуціна ва Украіну», — напісаў Мо.

Ён назваў беларускія ўгнаенні «крывавым каліем» і заявіў, што іх набыццё будзе азначаць падтрымку расійскай агрэсіі.

«Купля крывавага калію ў Беларусі — гэта падтрымка расійскай агрэсіі. Гэта няправільна і не мае сэнсу», — заявіў прэм’ер Саскачэвана.

Паводле яго слоў, з-за адсутнасці ў Беларусі выхаду да мора ўгнаенні давядзецца спачатку дастаўляць праз тэрыторыю Расіі, затым перавозіць морам і пасля прыбыцця ў ЗША транспартаваць у сельскагаспадарчыя штаты Сярэдняга Захаду.

«Няўжо нехта верыць, што беларускі крывавы калій, дастаўлены праз Расію, акажацца таннейшым, экалагічнейшым або больш этычным за калій з Саскачэвана — адсюль, з Паўночнай Амерыкі?» — дадаў Мо.

Заява канадскага палітыка прагучала пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў аб падрыхтоўцы «буйной здзелкі» па закупцы калійных угнаенняў у Беларусі. Амерыканскі лідар сцвярджаў, што беларускі прадукт будзе каштаваць значна танней за канадскі.

Канада з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком калію на амерыканскі рынак. Паводле даных Геалагічнай службы ЗША, на яе прыпадае каля 79% амерыканскага імпарту гэтых угнаенняў. Расія забяспечвае каля 11%, а Беларусь — каля 3%, паведамляе Global News.

Прэзідэнт Асацыяцыі горназдабыўной прамысловасці Саскачэвана Пэм Шван таксама засумнявалася ў магчымасці рэзкага павелічэння беларускіх паставак. Яна адзначыла, што большая частка вырабленага ў Беларусі калію цяпер накіроўваецца ў Кітай, а для дастаўкі значных аб’ёмаў у ЗША спатрэбіцца складаная лагістычная схема і дадатковая інфраструктура.

Раней Лукашэнка заяўляў, што Беларусь ужо закантрактавала практычна ўсе аб’ёмы калійных угнаенняў, якія вырабляюцца, і не мае свабоднай прадукцыі для буйных паставак на заходнія рынкі.