Эвика Силиня. Фото: @evika_silina
Прэм’ер-міністр Латвіі Эвіка Сіліня падала ў Сейм заяву аб адстаўцы. Пра гэта паведамляе LSM.
«Мая мэта была ясная — развіццё дзяржавы, дабрабыт і бяспека людзей, каб нашы дзеці цанілі свой дом, сваю краіну — Латвію! Партыі і кааліцыі змяняюцца, але Латвія застаецца, людзі застаюцца тут.
Цяпер палітычная рэўнасць і вузкія партыйныя інтарэсы ўзялі верх над адказнасцю. Убачыўшы моцнага кандыдата на пасаду міністра абароны, палітычныя пустасловы выбралі крызіс — урадавы крызіс.
Таму я заяўляю, што сыходжу ў адстаўку. Гэта няпростае рашэнне, але ў дадзенай сітуацыі — сумленнае рашэнне. Я сыходжу ў адстаўку, але не здаюся і не сыходжу. Абяцанні, якія я дала жыхарам Латвіі, усім, з кім разам на Домскай плошчы мы абаранялі еўрапейскія каштоўнасці, я і “Новае Адзінства” працягнем выконваць», — заявіла яна на прэс-канферэнцыі.
Адстаўка Сіліні адбылася пасля інцыдэнту з залётам беспілотнікаў з тэрыторыі Расіі. Адзін з іх упаў на тэрыторыі нафтабазы ў Рэзэкнэ.
Пасля гэтага інцыдэнту Сіліня адправіла ў адстаўку міністра абароны Андрыса Спрудса, які прадстаўляў партыю “Прагрэсіўныя”, прапанаваўшы прызначыць замест яго палкоўніка Райвіса Мелніса.
“Прагрэсіўныя” ў выніку заявілі, што больш не будуць падтрымліваць Сіліню. Яны заклікалі пачаць перамовы аб фармаванні новага ўрада.