Беларускія праваабарончыя арганізацыі апублікавалі заяву аб прызнанні палітычнымі зняволенымі яшчэ 11 чалавек.
Палітвязнямі прызнаныя Эдуард Курляндчык, Ігар Панкоў, Дзяніс Адамін, Міраслаў Бандарэнка, Сяргей Зінчанка, Яўген Руммо, Іван Кавальчук, Канстанцін Харытоненка, Ягор Сацішур, Яраслаў Галоўчанка і Уладзімір Капуза. Яны былі асуджаныя паводле артыкулаў за распальванне варожасці, садзейнічанне экстрэмізму і іншых, якія прымяняюцца ў Беларусі для палітычна матываванага пераследу. Таксама частка з іх была асуджаная за здраду дзяржаве і тэрарызм.
“Мы зноў з трывогай адзначаем, што адвольныя абвінавачанні ў асабліва цяжкіх злачынствах супраць дзяржавы працягваюць выкарыстоўвацца ў інтарэсах падаўлення правоў і свабод. У прыватнасці, абвінавачваючы грамадзян паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса ў «здрадзе дзяржаве» за цалкам законныя дзеянні, улады выкарыстоўваюць недасканалую, празмерна расплывістую фармулёўку палажэння названага артыкула і вяртаюць прававую практыку да самых змрочных часоў сталінскай дыктатуры.
Класіфікацыя дзеянняў тых, хто пратэстуе супраць парушэнняў правоў і свабод і падтрымлівае барацьбу ўкраінскага народа за незалежнасць, як «тэрарызму», відавочна, не адпавядае таму, што, на думку міжнародных арганізацый, павінна ўключацца ў гэтае паняцце”, – адзначаецца ў заяве.
Праваабаронцы патрабуюць вызваліць палітвязняў, перагледзець іх прысуды, а таксама спыніць рэпрэсіі.
