Иллюстративное фото: pixabay.com
Dissidentby пракаментаваў распаўсюджаную ў СМІ інфармацыю пра абмежаванні для памілаваных палітвязняў, якія засталіся ў Беларусі. Раней паведамлялася, што ім забараняюць афармляць банкаўскія карты і мабільныя SIM-карты.
«Мы просім не распаўсюджваць непацверджаныя звесткі, бо людзі толькі выйшлі з калоній і яшчэ не сталі на ўлік», — заклікаюць праваабаронцы.
Аўтары патлумачылі, што пастаноўка на ўлік — стандартная практыка для ўсіх былых палітвязняў у краіне. Забарона на адкрыццё банкаўскай карты прымяняецца ў дачыненні да людзей, унесеных у «спіс тэрарыстаў». Пры гэтым амаль усе палітвязні ўносяцца ў «спіс экстрэмістаў», а ў некаторых выпадках — і ў «спіс тэрарыстаў». Dissidentby падкрэсліў, што казаць пра дадатковыя заканадаўчыя абмежаванні можна будзе толькі пасля аналізу рэальнай сітуацыі.
Разам з тым праваабаронцы назвалі тры факты, якія можна канстатаваць на сённяшні дзень. Пры вызваленні людзям пагражаюць зняволеннем за “паўторныя парушэнні”. Некаторым на момант выхаду выдалі толькі пашпарты — ці будзе пазней выдадзена даведка аб вызваленні, пакуль невядома. У даведках аб вызваленні пазначана: «Вызвалены(а) па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19.03.2026 “Аб памілаванні асуджаных” вызваліць ад асноўнага пакарання з магчымасцю застацца ў Рэспубліцы Беларусь».