Источник: "Гаюн"
Па «справе Гаюна» пад вартай знаходзіліся не менш за 183 чалавекі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта толькі пацверджаныя фігуранты, насамрэч затрыманых значна больш. Папярэдні раз праваабаронцы паведамлялі пра мінімум 175 затрыманых на пачатку лютага.
Вядома, што з пачатку года быў затрыманы шэраг людзей. Суды па «справе Гаюна» праходзяць амаль кожны дзень. У «спіс экстрэмістаў» МУС былі дададзены 155 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму». Большасць з іх праходзілі па «справе Гаюна».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у асноўным абвінавачаным прызначаюць «хатнюю хімію», але ёсць выпадкі, калі людзей прысуджалі да пазбаўлення волі.
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створана перад пачаткам расійска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькам. На пачатку лютага 2025 года сілавікі атрымалі доступ у чат з ботам праекта. Пасля гэтага праект абвясціў пра спыненне працы.