«Праекту крытычна не хапіла збалансаванасці і прафесійнасці»: эксперт выказаўся наконт рэканструкцыі будынка Акадэміі музыкі

Гістарычны будынак навучальнага корпуса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адкрылі пасля завяршэння капітальнага рамонту і рэканструкцыі з рэстаўрацыяй. Удалося рэалізаваць многае, – адзначае эксперт з тэлеграм-канала «Спадчына», – аднак не да канца.

«Варта прызнаць, што дзякуючы саліднаму фінансаванню тут удалося рэалізаваць тое, што цяпер рэдка дзе сустрэнеш,каментуюць рэстаўрацыю ў тэлеграм-канале «Спадчына». – На фасады вярнулі шматколерную тэразітавую тынкоўку — нягледзячы на тое, што яна выканана нанова, само вяртанне да гэтай тэхналогіі як да сродку дэкаратыўнай выразнасці з’яўляецца адназначна правільнай тэндэнцыяй. Таксама былі адноўленыя страчаныя дэкаратыўныя вазы.

Фота: minsknews.by

Галоўным дасягненнем унутры стала фізічнае захаванне гістарычных інтэр’ераў сталінкі, якія падчас рамонтаў часта проста вычышчаюць да самых муроў. Будаўнікі захавалі і адрэстаўравалі арыгінальныя калоны з асялковага мармуру, багатую ляпніну, падлогі 1980-х гадоў, а таксама аўтэнтычныя крэслы ў глядзельнай зале ў стылістыцы грубаватага ар-дэко 1950-х».

Працы над гістарычным будынкам ішлі амаль два гады ў трох кірунках: рэстаўрацыя, рэканструкцыя і капітальны рамонт. З рэспубліканскага бюджэту на гэта выдзелена больш за 40 мільёнаў рублёў. Пакрыты будынак тэразітавай тынкоўкай, адноўленай па старой рэцэптуры, якую ўзнавілі з дапамогай фізіка-хімічнага аналізу. Пакрыццё – з украпінамі лушчака, рознага памеру фракцый. На фасадзе мяльчэй, на калонах буйней. Дзякуючы гэтаму корпус выглядае, як і амаль 70 гадоў таму, калі яго пабудавалі. Уваходныя дзверы будынка таксама адноўлены: дакладную копію зрабілі спецыялісты «Белрэстаўрацыі». Старыя перададзены ў Музей гісторыі горада Мінска.

Фота: СБ
Фота: minsknews.by

Па словах рэктара БДАМ Алены Куракінай, будынак вярнуўся ў жыццё не проста адрэстаўраваным і абноўленым, ён стаў больш урачыстым. Яго акустыка не проста захавалася, а стала яшчэ лепш.

У гістарычных інтэр’ерах правялі поўную мадэрнізацыю прасторы: абсталявалі новую канферэнц-залу, групавыя аўдыторыі аснасцілі сучаснымі мультымедыйнымі сістэмамі, а таксама стварылі ультрасучасную студыю гуказапісу і рэкрэацыйныя зоны для адпачынку студэнтаў.

Аднак эксперт «Спадчыны» адзначае, што «па выніку праекта крытычна не хапіла збалансаванасці і прафесійнасці. У інтэр’ерах кожны элемент мае свой уласны колер, якія разам проста не працуюць. Спроба аднавіць гістарычны каларыт сапсаваная выкарыстаннем штучнага белага колеру: ён ламае цэласнасць прасторы, візуальна робіць ляпніну плоскай і рэжа вока на фоне больш складаных адценняў. У дадатак агульную карціну псуюць такія недарэчныя дэталі, як недарэчны профіль прыступак на лесвіцах, убогія сучасныя пражэктары на сценах і хібы з выкананнем жалабоў на даху».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!