Праект Filamaty выдаў новы сінгл — песню-гістарычны дэтэктыў «Kraj!»

«Цела не было знойдзена», — спяваюць музыканты праекта Filamaty ў новым сінглы «Kraj!», распавядаючы слухачу амаль дэтэктыў.

У новай кампазіцыі музычна-паэтычнага праекта, натхнёнага гісторыяй таемнага таварыства філаматаў першай паловы ХІХ стагоддзя, ідзе расповед пра нейкую таямнічую постаць, якая мела мноства «назваў, імён і недасціпных мянушак». Падказка пра каго ідзе гаворка ў самой назве песні – «Край»: так яшчэ пра сэрца Беларусі ніхто не казаў. Перад намі, можна сказаць, гістарычны дэтэктыў, дзе слухачу давядзецца разгадаць хто ж «прапаў на беразе ракі» з яго шматпакутнай гісторыяй.

Нагадаем, што першы сінгл праекта Filamaty — «Пацеркі» — выйшаў яшчэ на пачатку гэтага года. Дзеля таго, каб напісаць тэксты і ставарыць музыку для праекта, удзельнікам актуальнага музычнага аб’яднання — лідару Syndroma Samazvanca Уладзю Лянкевічу і музыкам гурта Relikt Алесю Дземідзенку, Змітру Наркевічу, Віталю Макшуну — прыйшлося сур’ёзна заглыбіцца ў гісторыю XIX стагоддзя.

У выніку паўстаў вельмі прыгожы праект — у якім погляды колішніх філаматаў, іх ідэі і памкненні рыфмуюцца з марамі ўдзельнікаў паўстання 2020 года. Вольная краіна, беларуская гісторыя і культура, нацыяльная ідэнтыфікацыя, творчасць — коды маладых асветнікаў тых часоў і беларусаў XXI стагоддзя супадаюць, нягледзячы на часавую адлегласць у два стагоддзі. І гэта самае кранальнае — аўтары праекта Filamaty, якія з іроніяй і пэўным дэндзізмам прыпадносяць сваю творчасць (тут кажам і. пра іх знешні вобраз) — схапілі саму сутнасць руху: дух адраджэння, які па-ранейшаму жыве ў сэрцах свядомых беларусаў і беларусак.

Слухаць новы сінгл можна тут.

Таварыства філаматаў (ад грэчаскага «аматары ведаў») — таемная патрыятычная і асветніцкая арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, якая існавала ў 1817–1823 гадах. Яе заснавальнікамі сталі маладыя інтэлектуалы, сярод якіх былі Адам МіцкевічЯн Чачот і Тамаш Зан. Суполка мела на мэце маральнае ўдасканаленне, сумесную адукацыю і падрыхтоўку грамадства да будучых пераўтварэнняў праз лозунг «Навука, Дзейнасць, Справядлівасць». Філаматы верылі, што шлях да вольнай краіны ляжыць праз захаванне нацыянальнай культуры і асвету народа.

Дзейнасць таварыства стала фундаментам для многіх наступных пакаленняў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і для Напалеона Орды, які ўвайшоў у кола іх пераемнікаў. Нягледзячы на разгром арганізацыі царскімі ўладамі ў 1823 годзе і высылку яе ўдзельнікаў, філаматы стварылі ўнікальны код інтэлектуальнага супраціву і салідарнасці. Менавіта гэтая ідэя «супольнасці роўных», аб’яднаных марамі пра вольную культуру, застаецца актуальнай і сёння, знаходзячы новае гучанне ў сучаснай беларускай музыцы і мастацтве.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!