Яцек Добжиньски. Фото: @JacekDobrzynski
Польскія спецслужбы ставяцца да ўсёй інфармацыі пра магчымыя пагрозы з належнай сур’ёзнасцю і рашучасцю. Пра гэта ў чацвер заявіў Польскаму агенцтву друку (PAP) прэс-сакратар міністра — каардынатара спецыяльных службаў Польшчы Яцэк Дабжыньскі, адказваючы на пытанне агенцтва пра паведамленне Міністэрства замежных спраў Беларусі.
«Я не каментую паведамленні СМІ на гэты конт. Аднак магу запэўніць, што польскія спецслужбы ніколі не ігнаруюць ніводнага трывожнага сігналу і ставяцца да ўсёй інфармацыі пра магчымыя пагрозы з належнай сур’ёзнасцю і рашучасцю. Натуральна таксама, што ў падобных выпадках ні адна спецслужба ў свеце на такім этапе не паведамляе, ці прымае яна якія-небудзь меры і калі так, то якія менавіта», — сказаў Яцэк Дабжыньскі агенцтву PAP.
Раней МЗС Беларусі заявіла аб перадачы польскаму боку інфармацыі пра магчымую падрыхтоўку «тэрарыстычнага акта» на тэрыторыі Польшчы.
Як паведамілі ў беларускім МЗС, звесткі былі перададзеныя часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Беларусі Кшыштафу Ажанне падчас сустрэчы ў ведамстве. Паводле сцвярджэння беларускага боку, інфармацыя паступіла па лініі праваахоўных органаў.
«Было паведамлена, што асобай, якая знаходзіцца ў Польшчы, асуджанай у Рэспубліцы Беларусь паводле цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якая нядаўна была пазбаўленая польскімі ўладамі дадатковай абароны і права пражывання ў краіне, рыхтуецца тэрарыстычны акт, галоўнай мэтай якога павінны стаць непаўналетнія дзеці актывісткі, якая пражывае ў Польшчы і мае беларускае грамадзянства, з меркаванняў помсты за недастатковыя намаганні па захаванні за згаданай асобай названага вышэй статусу ў Польшчы», — праінфармавалі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.
«Польскаму прадстаўніку таксама было даведзена, што дадатковыя звесткі па гэтым пытанні пры неабходнасці і па меры іх паступлення будуць перадавацца па каналах узаемадзеяння паміж адпаведнымі кампетэнтнымі органамі дзвюх краін», — дадалі ў МЗС.