Польскія вайскоўцы заявілі аб магчымым парушэнні паветранай прасторы краіны

Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы заявіла аб магчымым парушэнні паветранай прасторы краіны. У сувязі з гэтым Урадавым цэнтрам бяспекі была абвешчана паветраная трывога на тэрыторыі Люблінскага і Падкарпацкага ваяводстваў.

“У сувязі з меркаваным парушэннем польскай паветранай прасторы неідэнтыфікаванымі паветранымі аб’ектамі інфармацыя аб паветранай пагрозе перададзена ва Урадавы цэнтр бяспекі.

Праводзіцца праверка для пацвярджэння даных радыёлакацыйнай сістэмы і, пры неабходнасці, прыняцця мер па супрацьдзеянні патэнцыйнай пагрозе”, – гаворыцца ў паведамленні.

Дэталёвая інфармацыя будзе апублікаваная пазней пасля праверкі, дадалі ў камандаванні.

Расія сёння масіравана атакавала Украіну дронамі, балістычнымі і крылатымі ракетамі. Пад ударам апынуліся заходнія вобласці краіны. У Кіеве пашкоджаныя тры масты.