У Польшчы ў некалькіх паветах каля мяжы з Украінай абвешчана паветраная трывога.
“Пагроза паветранага ўдару. Знайдзіце бяспечнае месца. Выконвайце інструкцыі экстранных службаў. Сачыце за далейшымі аб’явамі”, – гаворыцца ў паведамленні ўрадавага цэнтра бяспекі.
Яно распаўсюджана на тэрыторыі горада Замасць, Замойскага, Тамашоўскага, Білгарайскага і Грубяшоўскага паветаў у Люблінскім ваяводстве. Таксама былі ўключаныя сірэны паветранай трывогі.
Да гэтага цэнтр папярэджваў аб пачатку расійскага налёту. Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы заявіла аб павышэнні гатоўнасці СПА, а таксама ўзлёце знішчальнікаў.
Расія сёння масіравана атакавала Украіну дронамі, балістычнымі і крылатымі ракетамі. Пад ударам апынуліся заходнія вобласці краіны. У Кіеве пашкоджаныя тры масты.
Дапоўнена 9:02
Урадавы цэнтр бяспекі пашырыў зону ахопу папярэджання аб паветранай трывозе практычна на ўсю тэрыторыю Люблінскага і Падкарпацкага ваяводстваў.
Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы паведаміла аб магчымым парушэнні паветранай прасторы краіны.