Фото: Partyzanka
Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве адмяніў рашэнне аб перадачы былой палітвязніцы Таццяны Купчыной паводле Дублінскага рэгламенту. Пра гэта паведаміла ініцыятыва Partyzanka. У адпаведнасці з рашэннем суда справа аб наданні міжнароднай абароны Таццяне Купчыной будзе разглядацца ў Польшчы.
Абскарджанне рашэння аб перадачы ў межах Дублінскага рэгламенту падрыхтавала Ганна Маціеўская.
“Гэта рашэнне важнае не толькі для Таццяны. Яно стварае практыку для іншых спраў, дзе людзей спрабуюць перадаць без належнай ацэнкі іх сітуацыі”, — адзначылі ў ініцыятыве.
Таццяна Купчына ў 2022 годзе была асуджана на два гады пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачаннях, уключаючы абразу Лукашэнкі. Пасля вызвалення была вымушана пакінуць Беларусь з-за бесперапыннага нагляду. На тэрыторыю ЕС Купчына ўехала па літоўскай візе, але атрымаць міжнародную абарону паспрабавала ў Польшчы, дзе ў яе ёсць блізкія людзі.