Фото: facebook.com/laboptimed
Сетка польскіх медыцынскіх лабараторый Laboratoria Medyczne Optimed падверглася хакерскай атацы 3 мая. Цэнтр заявіў, што за атакай стаяць кіберзлачынцы з Беларусі, звярнуў увагу MOST.
«3 мая 2026 года наша лабараторыя стала ахвярай кібератакі. Мы выявілі інцыдэнт бяспекі, звязаны з несанкцыянаваным доступам да часткі нашай IT-інфраструктуры. Папярэдні аналіз паказаў, што арганізаваная група кіберзлачынцаў з Беларусі атрымала доступ да сістэмы — нельга выключаць, што староннія асобы маглі атрымаць доступ да даных, якія там захоўваліся», — заяўляе лабараторыя.
Зламыснікі маглі атрымаць доступ да асабістых даных пацыентаў, у тым ліку імёнаў, прозвішчаў, нумару PESEL (ідэнтыфікацыйнага нумару), дат нараджэння, адрасоў пражывання. Акрамя гэтага, хакеры маглі даведацца інфармацыю пра лабараторныя даследаванні пацыентаў і іх вынікі.
Пасля выяўлення атакі лабараторыя ізалявала закранутыя сістэмы і ўвяла дадатковыя меры бяспекі.