Польшча плануе падоўжыць кантроль на межах з Літвой і Германіяй. Пра гэта паведамілі ў МУСіА краіны. Кантроль будзе падоўжаны яшчэ на 6 месяцаў: з 2 кастрычніка 2026 года па 30 сакавіка 2027 года.
Свой намер у міністэрстве аргументавалі тым, што міграцыйны маршрут праз Беларусь і краіны Балтыі працягвае існаваць. З моманту ўвядзення кантролю 7 ліпеня 2025 года польскія памежнікі праверылі 4,3 млн чалавек, адмовы ва ўездзе атрымалі 2,3 тыс. чалавек, 1,3 тыс. былі вернутыя ў рамках рэадмісіі, а 130 чалавек былі затрыманыя за дапамогу ў нелегальным перасячэнні мяжы.
Пры гэтым МУСіА не выключае датэрміновага спынення кантролю, калі сітуацыя на межах палепшыцца.
Трэба адзначыць, што ў апошнія месяцы спробы парушэння польска-беларускай мяжы мігрантамі фіксуюцца рэдка. Асноўны трафік ідзе праз Латвію. У далейшым мігранты, спрабуючы трапіць у краіны Заходняй Еўропы, ідуць праз Літву і Польшчу.
Польшча разгарнула пастаянныя кантрольныя пункты на асноўных трасах на ўездзе з Літвы, другарадныя дарогі кантралююцца выбарачна. Акрамя таго, ёсць факты затрымання мігрантаў польскімі памежнікамі на так званай зялёнай мяжы з Літвой.
