Politico: Трамп цісне на Літву, дамагаючыся аднаўлення транзіту беларускага калію

Адміністрацыя Дональда Трампа аказвае ціск на Літву, дамагаючыся адкрыцця порта Клайпеды для экспарту беларускіх калійных угнаенняў. Пра гэта піша Politico са спасылкай на еўрапейскіх чыноўнікаў і крыніцы, знаёмыя з перамовамі.

Паводле даных чатырох еўрапейскіх чыноўнікаў, спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл у апошнія тыдні абмяркоўваў з літоўскімі дыпламатамі магчымасць змякчэння абмежаванняў. Вашынгтон разлічвае скараціць залежнасць ад канадскіх паставак калійных угнаенняў і знізіць выдаткі амерыканскіх фермераў.

Гэта адбываецца на фоне больш шырокіх намаганняў Трампа па змякчэнні санкцый супраць Расіі і яе саюзнікаў: такім чынам ён спрабуе падштурхнуць Маскву да спынення вайны з Украінай. Аднак гэтыя намаганні сутыкаюцца з жорсткім супрацівам у Еўропе, дзе чыноўнікі вельмі скептычна ставяцца да любых саступак Пуціну. На іх думку, такія крокі толькі нададуць расійскаму аўтакрату і іншым фігурам у яго арбіце, такім як Лукашэнка, яшчэ больш упэўненасці ў сваіх дзеяннях.

«Яны ціснуць ветліва, але мы цалкам ясна адказваем: „fuck no“, — сказаў адзін усходнееўрапейскі чыноўнік. – Калі амерыканцы не здольныя вучыцца на ўроках гісторыі, нам даводзіцца стаяць на сваім».

Адзін з суразмоўцаў выдання паведаміў, што каманда Трампа ў апошнія тыдні актывізавала кантакты з літоўскім бокам. Паводле слоў двух усходнееўрапейскіх чыноўнікаў, Коўл уздымае гэтае пытанне на розных узроўнях літоўскага ўрада ўжо больш за год — з моманту свайго першага візіту ў Мінск.

Перамовы тычацца не толькі Клайпеды. Паводле інфармацыі Politico, амерыканскі бок таксама вывучаў магчымасць экспарту беларускага калію праз іншыя балтыйскія парты, у тым ліку Рыгу. Адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў пацвердзіў, што Коўл звяртаўся па гэтым пытанні да прадстаўнікоў Латвіі. Маршрут праз балтыйскія парты быў бы прасцейшы, чым перавозкі праз Расію.

Пры гэтым ва Усходняй Еўропе амерыканскія прапановы сустракаюць супраціў. Суразмоўцы выдання асцерагаюцца, што змякчэнне санкцый надасць Аляксандру Лукашэнку дадатковую міжнародную легітымнасць і дазволіць яму працягваць рэпрэсіі.

Прадстаўнік Дзярждэпартамента адмовіўся абмяркоўваць канкрэтныя камерцыйныя здзелкі, але заявіў, што ЗША рэгулярна разглядаюць з саюзнікамі і партнёрамі магчымасці, якія адпавядаюць амерыканскім эканамічным інтарэсам. Ён таксама адзначыў «канструктыўнае ўзаемадзеянне» Беларусі са Злучанымі Штатамі і звязаў магчымыя закупкі беларускага калію са зніжэннем цэн для амерыканскіх фермераў.

У мінулым месяцы Трамп заяўляў, што працуе над маштабнай здзелкай з Мінскам аб закупках калійных угнаенняў па больш нізкай цане, чым у канадскіх кампаній. Канада забяспечвае каля 80% амерыканскага імпарту калію, а ЗША залежаць ад замежных паставак амаль цалкам. Дадатковым стымулам для пошуку альтэрнатыў сталі зрыў гандлёвых перамоў з Атавай і ўзаемнае павышэнне пошлін.

Да ўвядзення санкцый праз Клайпеду праходзіла каля 90% беларускага экспарту калійных угнаенняў, адзначае выданне. Абмежаванні ЕС з’явіліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і падаўлення мірных пратэстаў. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, якому садзейнічалі беларускія ўлады, санкцыі былі ўзмоцненыя.

Politico звяртае ўвагу, што санкцыйныя меры патрабуюць рэгулярнага падаўжэння раз на год. Літва, якая ў пачатку года прыме на сябе старшынства ў Савеце Еўрапейскага саюза ў парадку ратацыі, тэарэтычна можа накласці вета на чарговае падаўжэнне, аднак краіна застаецца адным з найбольш паслядоўных саюзнікаў Украіны ў Еўрасаюзе.

Суразмоўцы выдання падкрэсліваюць, што саступкі Вашынгтону былі б палітычна складанымі для ўладаў і Літвы, і Латвіі. Акрамя таго, еўрапейскія чыноўнікі сумняваюцца ў камерцыйных перспектывах такой схемы з улікам моцных пазіцый Канады на сусветным рынку калійных угнаенняў.