Павел Латушко. Фото: ОПК
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка выказаў расчараванне рашэннем прэзідэнта Славакіі Петэра Пелегрыні прыняць даверчыя граматы ад пасла Беларусі.
«Поціск рукі з прадстаўніком міжнароднага злачынца непрымальны для мяне як беларуса», — заявіў Латушка.
Намеснік кіраўніка АПК лічыць, што кантакты з рэжымам Лукашэнкі ва ўмовах, калі ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, супярэчаць дэмакратычным каштоўнасцям.
«У той час як у Беларусі працягваюцца беспрэцэдэнтныя маштабныя палітычныя рэпрэсіі, аднаўленне кантактаў з рэжымам супярэчыць дэмакратычным каштоўнасцям, за якія змагаецца беларускі народ і на якіх будуецца Еўрапейскі саюз.
Славакія, як і іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, ведае, што значыць змагацца за свабоду супраць таталітарызму і наколькі важныя саюзнікі ў гэтай справядлівай барацьбе. І я спадзяюся, яна не забудзе ўрокі сваёй зусім нядаўняй гісторыі», — напісаў Латушка ў сацсетцы X.
Нагадаем, 21 кастрычніка пасол Беларусі ў Славакіі Ігар Фісенка ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту краіны Петэру Пелегрыні. Прэзідэнт Славакіі прывітаў рашэнне аднавіць працу амбасады Беларусі ў Браціславе і выказаўся за развіццё адносін.