З-за моцных мяцеліц і перамётаў на дарогах у Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях, а таксама ў сталіцы ўведзены план «Надвор’е», паведамляе прэс-служба МУС.
Аўтааматарам настойліва рэкамендуюць адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце і скарыстацца паслугамі грамадскага. ДАІ просіць не паркавацца ўздоўж праезнай часткі, каб не перашкаджаць працы снегоўборачнай тэхнікі, і заклікае ўсіх удзельнікаў дарожнага руху быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі.
«Гомельэнерга» і «Магілёўэнерга» ўвялі рэжым павышанай гатоўнасці.
Ва ўсіх раёнах горада Мінска тэхніка пераведзена на кругласутачны рэжым працы для расчысткі дваравых тэрыторый ад снегу, інфармуюць у сталічным ЖКГ.
Як паведамляе прэс-служба МНС, дапамога ратавальнікаў у ліквідацыі наступстваў непагадзі спатрэбілася ў Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцях. Паводле аператыўнай інфармацыі, пацярпелых няма.
У Дрыбінскім, Кіраўскім, Глускім, Горацкім, Быхаўскім, Магілёўскім і Чавускім раёнах ратавальнікі выцягнулі са снегу 8 легкавых аўтамабіляў.
У Салігорскім раёне аказвалі дапамогу ў буксіроўцы аўтамабіля, які з’ехаў у кювет.
У Жыткавічах падраздзяленні МНС дапамаглі адбуксіраваць аўтобус. Пасажыраў унутры не было.
У вёсцы Першамайск Столінскага раёна таксама спатрэбілася дапамога ратавальнікаў: легкавы аўтамабіль захрас у снезе.
