Пяскоў прапануе не чакаць хуткіх вынікаў ад трохбаковых кантактаў

У Крамлі лічаць, што не варта чакаць хуткіх вынікаў ад трохбаковых кантактаў прадстаўнікоў Украіны, Расіі і ЗША ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

“Было б памылкова разлічваць на нейкую такую высокую выніковасць першых кантактаў. Гэта вельмі складаная субстанцыя, складаныя пытанні на парадку дня. Але сам факт, што ў канструктыўным ключы гэтыя кантакты пачаліся, гэта можна ацэньваць станоўча. Але наперадзе яшчэ вельмі сур’ёзная работа”, — сказаў ён, перадае ТАСС.

Ён паўтарыў, што расійскі бок па тэрытарыяльных пытаннях настойвае на формуле Анкарыджа.

“Ні для каго не сакрэт, гэта наша паслядоўная пазіцыя, пазіцыя нашага прэзідэнта, што тэрытарыяльнае пытанне, якое з’яўляецца часткай «формулы Анкарыджа», яно, вядома, мае для расійскага боку прынцыповае значэнне”, — дадаў ён.

“Давайце пакуль не будзем абмяркоўваць асобныя палажэнні. Наша пазіцыя вельмі добра вядомая. «Формула Анкарыджа» была агаворана, і было дасягнута адпаведнае разуменне з амерыканскімі перагаворшчыкамі і з прэзідэнтам Трампам. Цяпер перамовы ідуць на экспертным узроўні. Працу вядзе рабочая група. Перамовы ў такім прамым фармаце — яны на пачатковай стадыі. Цяпер гаварыць пра нейкія асобныя палажэнні тых пытанняў, якія на парадку дня, было б няправільна. Тым больш рабіць гэта ў публічным фармаце”, — працягнуў ён.

Нагадаем, днямі ў Абу-Дабі адбыліся першыя сустрэчы ў трохбаковым фармаце, прысвечаныя меркаванаму завяршэнню расійска-ўкраінскай вайны. Чакаецца, што трохбаковыя кантакты будуць працягнуты на наступным тыдні.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!