Пяскоў: Лукашэнка не перадаваў Пуціну пасланне Зяленскага

Аляксандр Лукашэнка падчас зносін з Уладзімірам Пуціным на Валдаі не перадаваў яму ніякіх пасланняў ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

«Не», — адказаў ён на адпаведнае пытанне, перадае ТАСС.

Пяскоў таксама не стаў адказваць на пытанне, ці з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка адным з каналаў сувязі паміж Масквой і Кіевам. Трэба адзначыць, што пры гэтым расійскі МЗС неаднаразова паведамляў, што праз Мінск, дзе працуе пасольства Украіны, усё ж вядзецца абмен пасланнямі.

Паводле слоў Пяскова, каб існыя каналы сувязі Масквы і Кіева працавалі, яны павінны заставацца ў цені.

Разам з тым прэс-сакратар Крамля прызнаў, што Лукашэнка і Пуцін закраналі ўкраінскую тэматыку падчас сустрэчы.

«Вядома ж, тэма Украіны прысутнічала ў парадку дня нефармальных зносін, якія мелі месца ў пятніцу і суботу на Валдаі», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, перш за ўсё абмяркоўваліся двухбаковыя адносіны і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, размова насіла прадметны характар.

«Самі кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі больш стратэгічныя пытанні, уключаючы пытанні, звязаныя з бяспекай, з рэгіянальнай бяспекай, з эскалацыяй напружанасці з боку некаторых еўрапейскіх краін, са спробамі правакавання Беларусі. Усё гэта абмяркоўвалася.

Гэта былі нефармальныя зносіны, яны праходзілі ў рэзідэнцыі прэзідэнта на Валдаі, таму, як вы заўважылі, асвятлення, уласна, гэтых зносін не было.

Але парадак дня цалкам зразумелы: гэта, перш за ўсё, двухбаковыя адносіны, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Менавіта таму на другі дзень, як учора расказаў Пуцін, да прэзідэнтаў далучыўся старшыня ўрада Расіі. Размова насіла вельмі прадметны характар, таму што, вядома, багацце сумесных праектаў, якія стаяць на парадку дня Саюзнай дзяржавы, патрабуе канкрэтыкі», — сказаў Пяскоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!