Скриншот видео
Нацыянальны банк Беларусі сёння прадставіў адзіны сэрвіс імгненных QR-плацяжоў «КРОК». Ён павінен запрацаваць з 1 ліпеня.
«Мы знаходзімся ў перыядзе глыбокай трансфармацыі плацежных адносін. Хуткасць, зручнасць і бяспека разлікаў перасталі быць канкурэнтнай перавагай — цяпер гэта базавае чаканне.
Усведамляючы гэта, мы прынялі стратэгічнае рашэнне па распрацоўцы ўласнага плацежнага сэрвісу, які адпавядае тром ключавым крытэрыям: тэхналагічны суверэнітэт, максімальная хуткасць, прастата транзакцый і безумоўная бяспека. «КРОК» — гэта адзін маленькі крок для карыстальніка, але вялікі рывок для плацежнай інфраструктуры нашай краіны», — заявіў старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, сэрвіс распрацаваны ў Беларусі, у ім улічаны спецыфіка нацыянальнага рэгулявання, патрэбы беларускіх банкаў.
З 1 ліпеня сэрвіс будзе даступны ў асобных крамах Мінска, Віцебска, Гомеля і Салігорска, а таксама ў інтэрнэт-крамах. Пасля тэставання буйныя гандлёвыя сеткі будуць укараняць яго ва ўсіх сваіх крамах.
«Плацяжы будуць праходзіць не праз картку. Плацяжы будуць наўпрост праходзіць з рахунку. Гэта вельмі важна. Многія могуць сказаць: вось жа ў нас ёсць Samsung Pay, Apple Pay і іншыя праграмы. У любым выпадку, калі здзяйсняецца плацёж з тэлефонам, плацёж усё роўна праходзіць праз картку, якая прывязаная да гэтага тэлефона.
У нашым выпадку картка не задзейнічаная, задзейнічаны проста рахунак кліента. І ў нашым выпадку, як мы расказалі, гэта будзе магчымасць цяпер у пяці мабільных праграмах, а з 1 снежня — ва ўсіх мабільных праграмах беларускіх банкаў.
Што немалаважна, потым мы гэты сэрвіс будзем маштабаваць і на іншыя краіны, падпісваць пагадненні з іншымі краінамі, дзе ўжо ёсць QR-сістэмы. Гэта будзе ўзаемная інтэграцыя. То-бок грамадзянін, прыязджаючы ў іншую краіну, дапусцім, дзе не працуюць карткі, зможа аплачваць праз QR-сістэму.
Так, гэта будзе складаная праца з боку Нацыянальнага банка дамовіцца з гэтымі краінамі. Але тым не менш гэта найбольш перспектыўны напрамак, альтэрнатыўны звычайным карткам. Што гэта дае для грамадзяніна? Гэта для грамадзяніна дае выбар. Бо калі ў чалавека ёсць выбар, ён заўсёды выбірае самае лепшае. І мы з боку Нацыянальнага банка, з боку АРІП будзем рабіць усё для таго, каб «Крок» стаў сапраўды найлепшай плацежнай сістэмай у краіне, і будзем яе актыўна развіваць.
І для кліента гэта заўсёды анлайн, гэта заўсёды зручнасць, гэта, як я ўжо казаў, магчымасць перадаваць плацежную спасылку, то-бок не шукаць недзе якуюсьці картку. Калі ў цябе на картцы не хапае грошай, ты проста адпраўляеш, дапусцім, плацежную спасылку мужу, брату, сястры, і ён здзяйсняе плацёж за цябе, тым самым палягчаючы доступ да тавараў і паслуг», — растлумачыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр Ягораў.
Ён таксама расказаў, як будзе працаваць сэрвіс.
«Базавы сцэнар. Вы прыходзіце ў краму, кажаце, што будзеце аплачваць праз «Крок», генеруецца на падставе вашага чэка QR-код, з тэлефона вы скануеце гэты код, адлюстроўваецца ўся інфармацыя: хто атрымальнік плацяжу, якая сума, якая крама. Вы націскаеце «аплаціць». У залежнасці ад сумы спатрэбіцца або не спатрэбіцца, напрыклад, пацвярджэнне PIN-кодам або адбіткам пальца ўнутры тэлефона. І далей здзяйсняецца гэты плацёж.
Ёсць зваротная сітуацыя, калі вы кажаце: я буду плаціць праз «Крок». У сябе генеруеце QR-код. У краме сканарам скануюць гэты QR-код, і аўтаматычна грошы спісваюцца з вашага рахунку», — сказаў ён.