Изображение: пресс-служба Кремля
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што публікацыя The Wall Street Journal пра ціск, які Масква аказвае на Мінск у пытаннях дапамогі ў вайне супраць Украіны, не адпавядае рэчаіснасці.
“Што датычыцца паведамлення вось гэтага выдання, пра якое вы згадалі, то гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.
У нас ёсць Саюзная дзяржава, у нас ёсць цэлы пералік сумесных праектаў, якія стаяць на парадку дня. У нас найбольш прасунутая форма інтэграцыі з Беларуссю, якая працягваецца, і Беларусь з’яўляецца нашым найбліжэйшым саюзнікам”, — сказаў Пяскоў, перадае ТАСС.
Нагадаем, The Wall Street Journal са спасылкай на былых і цяперашніх расійскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў напісала, што Масква аказвае ціск на Беларусь, пагражаючы спыніць фінансавую падтрымку, ад якой залежыць Мінск. Мэтай гэтага ціску з’яўляецца дапамога ў вайне супраць Украіны.