Пяскоў абвінаваціў Зяленскага ў падбухторванні з-за яго слоў пра Беларусь

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў назваў падбухторваннем заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра магчымы напад з тэрыторыі Беларусі.

“Не думаем, што падобныя заявы заслугоўваюць нейкіх каментарыяў. Беларусь — гэта наш саюзнік, мы маем Саюзную дзяржаву з Беларуссю. Але гэта суверэнная дзяржава. Таму падобныя заявы — не што іншае як спроба далейшага падбухторвання ў плане працягвання вайны і нагнятання напружанасці”, — сказаў ён, перадае ТАСС.

Нагадаем, у пятніцу пасля нарады з кіраўніцтвам Генштаба УСУ, ГУР, Службы знешняй разведкі і СБУ Зяленскі заявіў, што РФ спрабуе ўцягнуць Беларусь глыбей у вайну супраць Украіны і разглядае планы аперацый з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны або адной з краін НАТА.

«Ведаем, што адбыліся дадатковыя кантакты паміж расіянамі і Аляксандрам Лукашэнкам, мэтай якіх з’яўляецца пераканаць яго далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый.

У прыватнасці, Расія разглядае планы аперацый па кірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТА — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна валодае дэталямі размовы паміж Расіяй і Беларуссю», — сказаў Зяленскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!