Скриншот видео
Аб’ём перапрацоўкі нафты ў Расіі ў ліпені склаў у сярэднім 4,2 млн барэляў за суткі пасля 4,1 млн барэляў за суткі ў чэрвені. Аднак у жніўні аварыйныя рамонты з-за атак украінскіх дронаў могуць прывесці да яшчэ большага зніжэння перапрацоўкі.
Як паведамляе “Коммерсантъ” са спасылкай на прагноз Kpler, аб’ём перапрацоўкі нафты ў РФ у жніўні можа скласці 4 млн барэляў за суткі. Пры гэтым вяртання да звычайных для Расіі 5,3-5,5 млн барэляў за суткі сёлета не чакаецца.
Аналітыкі мяркуюць, што ў верасні можа адбыцца рост аб’ёмаў перапрацоўкі да 4,3 млн барэляў за суткі.
Крыніца выдання сцвярджае, што мінімальны ўзровень перапрацоўкі складае 3,3-3,5 млн барэляў за суткі. Пры меншых аб’ёмах забяспечыць унутраны рынак палівам будзе вельмі складана.
Трэба адзначыць, што ў ліпені пастаўкі паліва з Беларусі ў РФ абнавілі рэкорды. Так, паводле даных СМІ, чыгуначныя пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію ў ліпені выраслі на 13% у параўнанні з чэрвенем і склалі каля 212 тыс. т. Аб’ём паставак дызельнага паліва за месяц павялічыўся ўдвая — да 162 тыс. т.