Павел Дуров. Скриншот видео @TuckerCarlson
Заснавальнік Telegram Павел Дураў пракаментаваў блакаванні мэсенджара ў Расіі і заявіў, што абмежаванне свабоды не з’яўляецца правільным рашэннем.
Дураў лічыць, што расійскія ўлады абмежавалі доступ да Telegram, каб прымусіць расіян перайсці на дзяржаўны мэсенджар Max. Дураў падкрэсліў, што гэтае прыкладанне выкарыстоўваецца для сачэння і палітычнай цэнзуры.
Дураў нагадаў, што ўлады Ірана таксама спрабавалі блакаваць Telegram, але гэта ні да чаго не прывяло.
«Восем гадоў таму Іран спрабаваў ужыць тую ж стратэгію і пацярпеў няўдачу. Улады забаранілі Telegram па надуманых падставах, імкнучыся прымусіць людзей карыстацца дзяржаўнай альтэрнатывай.
Нягледзячы на забарону, большасць іранцаў дагэтуль выкарыстоўваюць Telegram (абыходзячы цэнзуру) і аддаюць перавагу яму перад прыкладаннямі, якія знаходзяцца пад пастаянным назіраннем», — адзначыў Дураў.
Заснавальнік Telegram падкрэсліў, што абмежаванне свабоды грамадзян «ніколі не з’яўляецца правільным рашэннем».
«Telegram адстойвае свабоду слова і права на прыватнае жыццё, нягледзячы на ціск», — гаворыцца ў заяве.
Працу Telegram у Расіі пачалі абмяжоўваць сёння. Раскамнагляд заявіў, што ўводзіць «паслядоўныя абмежаванні», бо мэсенджар не прымае мер для барацьбы з махлярамі, парушае расійскія законы і не абараняе персанальныя даныя карыстальнікаў.
«У сувязі з гэтым па рашэнні ўпаўнаважаных органаў Раскамнагляд працягне ўвядзенне паслядоўных абмежаванняў з мэтай дамагчыся выканання расійскага заканадаўства і забяспечыць абарону грамадзян», — заявіў Раскамнагляд у каментары РБК.