Пасольства ЗША ў Кіеве папярэдзіла пра магчымую маштабную паветраную атаку ў найбліжэйшыя суткі

Пасольства ЗША ва Украіне папярэдзіла пра магчымую «значную паветраную атаку», якая, паводле даных амерыканскай дыпламатычнай місіі, можа адбыцца «ў любы момант на працягу наступных 24 гадзін».

Адпаведнае паведамленне было апублікавана 23 мая на сайце пасольства ЗША ў Кіеве.

Амерыканская дыпмісія рэкамендавала грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца ва Украіне, загадзя вызначыць месцазнаходжанне найбліжэйшых сховішчаў і быць гатовымі неадкладна схавацца ў выпадку абвяшчэння паветранай трывогі.

Пасольства таксама заклікала ўсталяваць на мабільныя тэлефоны праграмы для апавяшчэння пра паветраныя трывогі, напрыклад Air Raid Siren або Alarm Map, сачыць за паведамленнямі мясцовых СМІ і мець запасы вады, прадуктаў харчавання і медыкаментаў.

Акрамя таго, амерыканскім грамадзянам рэкамендавалі выконваць указанні ўкраінскіх уладаў і экстраных службаў у выпадку надзвычайнай сітуацыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!