Пасля выбуху газу ў гомельскай шматпавярхоўцы ўдарнай хваляй пашкодзіла вокны ў дзіцячым садку

Пасля выбуху газу ў шматпавярховым доме ў Гомелі ўдарнай хваляй былі пашкоджаныя вокны ў дзіцячым садку, паведамляе тэлеграм-канал «Гомельшчына афіцыйна». Паводле інфармацыі рэсурсу, цягам сутак праблему ліквідавалі, і ўстанова працуе ў штатным рэжыме. Таксама пацярпелі некалькі аўтамабіляў, якія былі прыпаркаваныя ў двары.

Усе пытанні, што датычацца кампенсацыйных выплат аўтаўладальнікам, абяцаюць вырашыць у межах заканадаўства ў вызначаныя тэрміны. Па іншых пытаннях аказання дапамогі, якія не адносяцца да страхавых выпадкаў, можна звяртацца ў адміністрацыю Савецкага раёна Гомеля.

У суседніх двух пад’ездах дома ўжо падключаныя ацяпленне і каналізацыя. Будаўнікам пастаўлена задача ўмацаваць канструкцыі ў пацярпелым пад’ездзе, каб прадухіліць іх далейшае разбурэнне.

Паводле інфармацыі МНС, на месцы працягваюць працаваць ратавальнікі. Яны нясуць дзяжурства, забяспечваючы пажарную бяспеку падчас правядзення зварачных работ будаўнічымі арганізацыямі. Задзейнічаны каленчаты пад’ёмнік МНС. Ратавальнікі таксама забяспечваюць асвятленне пры дапамозе пераносных пражэктараў.

Нагадаем, сёння ў адным з пад’ездаў жылога дома на вуліцы Косарава ў Гомелі ў выніку інцыдэнту абрушыліся некалькі перакрыццяў. Паводле папярэдніх дадзеных, гэта адбылося ў выніку выбуху газапаветранай сумесі ў кватэры на сёмым паверсе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!