Фото: ГТК
Брэсцкія мытнікі спынілі незаконны ўвоз яшчарак з Польшчы ў Беларусь. Рэптылій перадалі Мінскаму заапарку, паведамляе ДМК.
Яшчарак выявілі ў пункце пропуску «Брэст». 44-гадовая пасажырка аўтобуса пры праходжанні мытні выбрала зялёны калідор. Яе багаж праверылі на рэнтгене і знайшлі падазроныя пенапластавыя каробкі.
У пяці каробках знаходзіліся пяць яшчарак — раснічастых бананаедаў. Іх канфіскавалі і перадалі Мінскаму заапарку. У дачыненні да жанчыны распачаты адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з ч. 2 арт. 15.1 КаАП («Перамяшчэнне тавараў праз мяжу са ўтойваннем ад мытнага кантролю»).