Фото: vaticannews.va
Папа Рымскі Леў XIV звярнуўся да вернікаў з традыцыйным калядным пасланнем Urbi et Orbi («Гораду і свету»), у якім заклікаў да ўмацавання міру, салідарнасці і дыялогу, у тым ліку на еўрапейскім кантыненце.
Асобную частку свайго звароту пантыфік прысвяціў Украіне. Ён заклікаў да асаблівай малітвы за «знясілены народ Украіны», выказаўшы надзею на як мага хутчэйшае спыненне расійска-ўкраінскай вайны.
«Князю Міру мы даручаем увесь еўрапейскі кантынент, просячы Яго і надалей натхняць у ім дух супольнасці і супрацоўніцтва, вернасці сваім хрысціянскім караням і гісторыі, салідарнасці і гасціннасці ў дачыненні да тых, хто мае патрэбу. Памолімся асабліва за знясілены народ Украіны: няхай сціхне грукат зброі, і няхай уцягнутыя бакі, пры падтрымцы міжнароднай супольнасці, знойдуць у сабе адвагу весці шчыры, прамы і паважлівы дыялог», — прыводзіць яго словы Vaticannews.
У сваім пасланні іерарх таксама згадаў Ліван, Палесціну, Ізраіль, Сірыю, Судан, Паўднёвы Судан, Малі, Буркіна-Фасо, Дэмакратычную Рэспубліку Конга, Гаіці, М’янму, Тайланд, Камбоджу, Лацінскую Амерыку, Паўднёвую Азію і Акіянію.