Памочнік прэзідэнта РФ Мікалай Патрушаў выступіў з рэзкімі заявамі на адрас Польшчы. Паводле яго слоў, у выпадку ваеннага канфлікту Расія зможа знішчыць праціўніка за 2-3 дні.
“У выпадку ўступлення Польшчы ў ваенныя дзеянні супраць Расіі, наша краіна прыменіць увесь арсенал наяўных у яе сіл і сродкаў, і польская дзяржаўнасць спыніць сваё існаванне за два-тры дні”, – сказаў ён у інтэрв’ю aif.ru.
“Кіраўнік польскай дыпламатыі відавочна па-дылетанцку ацэньвае ваенную моц нашай краіны, не жадаючы разумець, што падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі расійскія ўзброеныя сілы зусім не выкарыстоўваюць увесь свой патэнцыял”, – дадаў ён.
Нагадаем, РФ падчас вайны супраць Украіны, якая працягваецца ўжо пяты год, пакуль не змагла да канца захапіць Данецкую вобласць.
Нагодай для выказванняў Патрушава сталі словы міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, які днямі наведаў Кіеў. У прыватнасці, Сікорскі гаварыў пра ваенны патэнцыял еўрапейскіх краін НАТА. Ён згадаў, што ВПС еўрапейскіх краін нават без удзелу ЗША маглі б знішчыць палову расійскіх НПЗ хутчэй, чым Украіна.
Патрушаў таксама падкрэсліў, што польскі міністр не жадае чуць прэзідэнта РФ.
“Апантаны мілітарызмам, Сікорскі не жадае чуць словы прэзідэнта Расіі пра тое, што Расія нікому не пагражае і ў нашай краіны няма падстаў весці ваенныя дзеянні супраць Еўропы”, – сказаў ён.
