Александр Молчанов и Инна Кардаш. Фото из личного архива.
Агентка КДБ Іна Кардаш, арыштаваная ўкраінскімі спецслужбамі, некалькі гадоў была ў адносінах з беларускім добраахвотнікам, які ваяваў на баку Украіны, і былым палітвязнем Аляксандрам Малчанавым. Пра гэта сам Аляксандр распавёў у сваім Facebook. У пацверджанне ён апублікаваў сумесныя фота.
Reform.news звязаўся з Малчанавым, каб даведацца падрабязнасці.
Мужчына распавёў, што сустракаўся з Інай Кардаш каля 4 гадоў — з 2017 па 2021-шы. Жанчына ў гэты час жыла ў Беларусі і прыязджала на сустрэчы з Аляксандрам, калі ён быў у адпачынку. Малчанаў лічыць, што не ўяўляў цікавасці для беларускіх спецслужбаў і што КДБ неразумна расходаваў рэсурсы, надаючы яму столькі часу.
«Проста кгбшнікі настолькі тупыя, што рэсурс у нікуды расходуюць», — сказаў Аляксандр.
Паводле слоў Малчанава, жанчына не спрабавала яго вербаваць або «перавыхоўваць», не задавала пытанняў на адчувальныя тэмы і ў цэлым не выклікала падазрэнняў, хаця часам выказвала прарасійскія погляды.
«Магла п….нуць (сказаць — заўв. Reform.news) нешта ў стылі “расіян у Данбасе няма”, але я спісваў гэта на тупасць», — распавёў Аляксандр Малчанаў.
Паводле слоў Аляксандра Малчанава, адносіны спыніліся ў 2021 годзе з-за таго, што для Кардаш «занадта важнай была праца».
***
Малчанаў быў актывістам моладзевага руху «Зубр» з Барысава і ўдзельнічаў у пратэстах супраць вынікаў выбараў 2010 года, быў арыштаваны. 2 сакавіка 2011 года суд прызнаў яго вінаватым у масавых беспарадках і абразе дзяржаўных сімвалаў і прысудзіў да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў вызвалены ў верасні 2011 года паводле ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. У красавіку 2012 года быў зноў асуджаны на 1 год 6 месяцаў калоніі строгага рэжыму па справе аб крадзяжы металалому з тэрыторыі закінутага завода.
З 2014 года ваяваў на баку Украіны ў АТА ў складзе ДУК «Правы Сектар», з 2015 года — у складзе УСУ. Мае дзяржаўныя ўзнагароды Украіны. Супраць яго ў Беларусі была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Найміцтва». У 2018 годзе быў паранены — куля засталася ў рашэцістай костцы чэрапа. Ён страціў зрок на адно вока.