Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненне аб працоўнай міграцыі з Узбекістана

Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб ратыфікацыі Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Узбекістан аб арганізаваным наборы і працаўладкаванні грамадзян Рэспублікі Узбекістан для ажыццяўлення часовай працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Адзначаецца, што дакумент стварае прававую базу для дакладнага дзяржаўнага механізма па легальным, бяспечным і ўпарадкаваным прыцягненні грамадзян Узбекістана да працы ў Беларусі. Арганізаваны набор пад канкрэтныя патрэбы наймальнікаў будзе праходзіць у два этапы.

Першы этап цалкам праходзіць на тэрыторыі Узбекістана. Профільнае Агенцтва па міграцыі па заяўцы беларускага наймальніка праводзіць набор кандыдатаў з патрэбнай кваліфікацыяй і досведам. Да выезду іх азнаёмяць з правіламі знаходжання ў Беларусі, умовамі працы, праектам працоўнага дагавора, арганізуюць абавязковы медагляд і праверку адсутнасці абмежаванняў як на выезд з Узбекістана, так і на ўезд у Беларусь

Другі этап – гэта легалізацыя і працаўладкаванне ўжо на тэрыторыі нашай краіны. Па прыбыцці наймальнік забяспечыць сустрэчу, трансфер, першасны міграцыйны ўлік. Далей – афіцыйная працэдура афармлення: наймальнік атрымлівае спецыяльны дазвол у органах МУС, арганізуе здачу экзамену на веданне рускай (беларускай) мовы. Затым бакі заключаюць працоўны дагавор і супрацоўнік афіцыйна выходзіць на працу.

Нагадаем, узбекскі бізнес рэалізуе некалькі праектаў у Беларусі, у першую чаргу ў аграрнай сферы. Так, у Гарадоцкім раёне ўжо пачалі будаваць цэлы ўзбекскі агракластар. Акрамя таго, два жывёлагадоўчыя прадпрыемствы з удзелам узбекскага бізнесу ствараюцца ў іншых раёнах. У Слаўгарадскім раёне ТАА «СП АграМіт» плануе рэалізаваць праект па адкорме буйной рагатай жывёлы. У Бешанковіцкім раёне кампанія «АндыжанАгра» запусціла новы інвестыцыйны праект у той жа сферы.

Паводле даных беларускага МУС, сёлета ў Беларусі ўжо працуюць 4210 грамадзян Узбекістана, у тым ліку за трэці квартал іх стала на 1663 больш. Узбекістан па выніках студзеня-верасня выйшаў на трэцяе месца сярод “донараў” рабочай сілы для Беларусі. Больш за ўсё ў краіне працоўных з Туркменістана – 20,43 тыс. чалавек, на другім месцы – Расія (5,6 тыс. чалавек).