Пачобут не пакідае ідэю вярнуцца ў Беларусь

Былы палітвязень, журналіст Анджэй Пачобут хоча паспрабаваць вярнуцца ў Беларусь. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю Gazeta Wyborcza.

“Хачу паспрабаваць вярнуцца ў Беларусь. Усё залежыць ад таго, як пойдзе на мяжы. Пусцяць, як абяцалі, ці не”, – сказаў ён.

“А калі пусцяць, а потым зноў пасадзяць?” – спытаў у яго інтэрв’юер Барташ Веліньскі.

“Пасяджу. Цяжка, Нэльсан Мандэла столькі гадоў сядзеў, салдаты Арміі Краёвай сядзелі”, – адказаў на гэта Пачобут.

У інтэрв’ю ён яшчэ раз пацвердзіў, што яму абяцалі магчымасць вярнуцца ў Беларусь. Падчас абмену, які адбыўся на мінулым тыдні, Пачобут пытаўся пра гэта ў афіцэраў КДБ. Акрамя таго, ён паўтарыў тое, што ўжо распавядаў прэсе. Каб пераканаць яго, прыязджаў чыноўнік з адміністрацыі Лукашэнкі і асабіста пацвярджаў, што ў Пачобута ёсць магчымасць вярнуцца ў Беларусь.

Адказваючы на пытанне пра будучыню Беларусі, Пачобут сказаў, што Лукашэнка будзе спрабаваць кіраваць як мага даўжэй, а “беларуская медыцына зробіць усё, каб забяспечыць яму здароўе”. На яго думку, пасля Лукашэнкі будзе Лукашэнка.

“Уладу возьме яго сын Віктар?” – удакладніў інтэрв’юер.

“І будзе больш-менш тое ж самае, толькі крыху інакш. Паглядзі на тое, што адбываецца ў Цэнтральнай Азіі. Спадкаванне ад бацькі да сына – самы надзейны спосаб перадачы ўлады. Спрацавала ў Азербайджане і Туркменістане”, – адказаў Пачобут.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!