“Невядомы аб’ект” упаў і выбухнуў у Польшчы

Польскія вайскоўцы правяраюць інфармацыю аб падзенні і выбуху невядомага аб’екта, які парушыў паветраную прастору краіны на фоне расійскага налёту на Украіну.

«Магчыма, нейкі аб’ект упаў недалёка ад населенага пункта Хмелек у Білгарайскім павеце», – заявіў прэс-сакратар Аператыўнага камандавання Узброеных сіл Яцэк Гарышэўскі RMF FM.

Скрыншот карты wikipedia.org

Паводле яго слоў, расследуюцца два інцыдэнты, звязаныя з парушэннем паветранай прасторы краіны. Інфармацыя правяраецца.

Раней на частцы тэрыторыі Люблінскага і Падкарпацкага ваяводстваў абвяшчалі паветраную трывогу. На дадзены момант яна ўжо адменена.

Відавочцы таксама расказалі радыёстанцыі, што чулі гучны гук і бачылі ўспышку ў раёне населенага пункта Руднік-над-Санам у Ніжанскім павеце Падкарпацкага ваяводства.

Раней некаторыя ўкраінскія маніторынгавыя каналы паведамлялі, што ў бок польскай мяжы накіроўваецца адна з ракет.

Стараста з Білгарайскага павета Анджэй Шарліп пацвердзіў Wirtualna Polska, што ў населеным пункце Ліпавец у гміне Тэрэспаль упаў неапазнаны аб’ект.

«Ён упаў на ўскрайку лесу; пагрозы для людзей у гэтым раёне няма. Мы атрымалі паведамленне пасля выбуху. На месцы працуюць службы, высвятляюць, што менавіта там упала», – сказаў ён.

Сёлета ў Польшчы ўжо быў выпадак залёту ракеты Х-101, якая ўпала і выбухнула ў ненаселенай мясцовасці.

Дапоўнена 10:01

У сетцы з’явіўся відэазапіс з камеры назірання, на якім чуваць гук выбуху і бачная ўспышка.