Nato ministers. Photo: Nato.int
Журналіст Reform.news пабываў на сустрэчы міністраў абароны NATO і сабраў для вас самае цікавае.
У Бруселі прайшла сустрэча міністраў абароны краін NATO. Гэта апошняя сустрэча высокага ўзроўню перад самітам, які пройдзе ў Анкары ў ліпені і вызначыць задачы і планы Альянсу на найбліжэйшыя гады.
Асноўнымі тэмамі сустрэчы сталі павелічэнне абаронных выдаткаў, адраджэнне абароннай прамысловасці, ядзернае стрымліванне і дапамога Украіне ў барацьбе з расійскай агрэсіяй. Паводле слоў генеральнага сакратара Марка Рутэ, у 2025 годзе еўрапейскія саюзнікі па NATO і Канада павялічылі свае абаронныя выдаткі больш чым на 90 мільярдаў долараў, што прывяло да росту на 20% усяго за адзін год.
Годам раней падчас саміту ў Гаазе міністры абароны 32 краін Альянсу канстатавалі намер павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП. Пры тым, што 3,5% будуць расходавацца ўласна на абарону, а 1,5% — на іншыя выдаткі, звязаныя з абаронай. Выхад усіх краін на гэты ўзровень фінансавання плануецца да 2035 года, але не выключана, што ён будзе дасягнуты раней. На дадзены момант толькі тры краіны не адстаюць ад графіка дасягнення сваіх абавязацельстваў у гэтым кірунку.
«Гэтыя значныя інвестыцыі ўвасабляюцца ў рэальныя сілы і сродкі, і мы ўжо бачым, што еўрапейскія дзяржавы-члены і Канада становяцца больш баяздольнымі і бяруць на сябе большую адказнасць за нашу бяспеку. У прыватнасці, яны займаюць больш ключавых кіруючых пасад у структурах органаў вайсковага кіравання NATO, а таксама бяруць на сябе большую долю адказнасці за сілы і сродкі, неабходныя Саюзу для стрымлівання ў мірны час і для абароны ва ўмовах крызісу або канфлікту», — сказаў Марк Рутэ.
З апярэджаннем графіка рэалізуецца таксама праграма PURL (Prioritised Ukraine Requirements List) — механізм, у рамках якога фарміруецца пералік прыярытэтных патрэб Украіны ва ўзбраеннях і боепрыпасах. На аснове гэтага спіса ЗША і саюзнікі арганізуюць пастаўкі і закупкі неабходнага ўзбраення, а еўрапейскія краіны NATO, Канада і іншыя партнёры фінансуюць адпаведныя пакеты. Гэты механізм дазваляе аператыўна закрываць найбольш крытычныя дэфіцыты ўкраінскай арміі.
Праз PURL закупляюцца перш за ўсё амерыканскія сістэмы СПА, ракеты для Patriot, боепрыпасы для HIMARS і іншае ўзбраенне, якое Украіна не можа хутка атрымаць з еўрапейскіх запасаў. Першапачаткова праграма прадугледжвала закупкі на суму каля 4 млрд долараў, аднак па стане на чэрвень 2026 года праз PURL ужо прафінансаваны або закантрактаваны пастаўкі ўзбраенняў прыкладна на 5,5 млрд долараў. У гэтую суму не ўваходзяць сродкі і ўзбраенні, якія перадаюцца Украіне краінамі NATO ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва.
Свой унёсак у праграму PURL уносяць 23 краіны NATO, а таксама Аўстралія і Новая Зеландыя. У маі да праграмы далучылася і Японія, выдзеліўшы каля 16 млн долараў на закупку нелятаальнага абсталявання для Украіны.
У рамках сустрэчы міністраў абароны адбылася сустрэча Групы ядзернага планавання. Гэта фактычна адзіны пастаянны орган NATO, дзе абмяркоўваюцца пытанні ядзернай палітыкі Альянсу. У ім удзельнічаюць усе краіны NATO, акрамя Францыі, якая захоўвае поўны нацыянальны кантроль над сваімі ядзернымі сіламі і традыцыйна не ўдзельнічае ў ядзерным планаванні NATO.
Міністры абароны краін NATO пацвердзілі, што ядзерная зброя Альянсу застаецца галоўным гарантам бяспекі саюзнікаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве па выніках пасяджэння Групы ядзернага планавання NATO, якое прайшло 18 чэрвеня.
Удзельнікі сустрэчы заявілі, што працягнуць мадэрнізацыю ядзерных сіл, удасканаленне механізмаў ядзернага планавання і адаптацыю палітыкі стрымлівання да новых пагроз, уключаючы фінансаванне неабходных узбраенняў, інфраструктуры і сіл, задзейнічаных у ядзернай місіі NATO.
Амерыканскія саюзнікі пацвердзілі, што захоўваюць прыхільнасць сваім абавязацельствам у рамках дактрыны пашыранага стрымлівання — ядзернага парасона над Еўропай. Таксама краіны Альянсу пацвердзілі гатоўнасць і далей падзяляць адказнасць за ядзернае стрымліванне (nuclear sharing).
Сутнасць гэтай практыкі наступная: ЗША размяшчаюць ядзерную зброю ў Еўропе на тэрыторыі саюзнікаў, а ў выпадку вайны ў яе ўжыванні могуць удзельнічаць не толькі амерыканцы. Адным з элементаў пашырэння гэтай тактыкі, паводле слоў высокапастаўленага прадстаўніка NATO, з’яўляецца перавузбраенне ваенна-паветраных сіл саюзнікаў самалётамі F-35, бо гэтыя самалёты здольныя несці амерыканскія ядзерныя боепрыпасы ў рамках місіі nuclear sharing NATO.
Генсек NATO падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за аперацыю, накіраваную супраць Ірана. Паводле яго слоў, дзеянні ЗША ўмацавалі агульную бяспеку, ліквідавалі пагрозу з’яўлення ў Ірана ядзернай зброі і абмежавалі яго патэнцыял у галіне балістычных ракет. Ён таксама высока ацаніў ролю ЗША, прэзідэнта Трампа і міністра вайны Піта Хегсета ва ўмацаванні NATO.
«Дзякуй вам за лідарства ў мінулым годзе і за вашу натхняльную прамову, а таксама за тое, што вы рабілі ў галіне абароннай вытворчасці. Гэта вельмі важна. Нам трэба нарошчваць аб’ёмы вытворчасці як у ЗША, так і ў Еўропе, каб забяспечыць сваю бяспеку. Адзін з галоўных прыярытэтаў для вас, вашай каманды і прэзідэнта — пашырэнне абаронна-прамысловай базы ў ЗША.
Мы робім тое ж самае ў Еўропе і Канадзе, таму што нам трэба не толькі не адставаць, але і апярэдзіць Кітай, Расію і іншыя краіны, якія цяпер імкліва нарошчваюць аб’ёмы абароннай вытворчасці. Па ўсіх гэтых прычынах я хачу падзякаваць вам за тое, што вы робіце, за ваша лідарства, за вашу адданасць справе, а таксама за тое, што вы сёння тут», — сказаў Марк Рутэ, вітаючы Піта Хегсета у штаб-кватэры NATO.
Паводле слоў высокапастаўленага прадстаўніка NATO (правілы працы прэсы ў штаб-кватэры NATO абавязваюць называць крыніцу інфармацыі, атрыманай на непублічных мерапрыемствах, менавіта так — Reform.news), характар расійска-ўкраінскай вайны змяняецца не на карысць Расіі. Украіна паступова перахоплівае ініцыятыву. Расія не мае наступальнага патэнцыялу, і яе страты растуць.
Разведка NATO ацэньвае страты Расіі ад 1,3 да 1,5 млн чалавек, пры гэтым каля 500 тысяч — загінулымі. Украіна нарошчвае колькасць удараў на лініі фронту, у блізкім тыле і ўглыб расійскай тэрыторыі, і ў найбліжэйшы час гэтая тэндэнцыя захаваецца. Украінская СПА перахоплівае да 90% расійскіх дронаў, але да гэтага часу адчувае дэфіцыт боепрыпасаў для перахопу балістычных ракет. Толькі 17% выпушчаных па ўкраінскай тэрыторыі балістычных ракет збіваюцца ўкраінскімі зенітчыкамі. Пры гэтым прадстаўнік агаварыўся, што гэта не азначае, што 83% такіх удараў дасягае сваіх мэт — украінскія аператары СПА, паводле слоў чыноўніка, сёння найлепшыя ў свеце спецыялісты ў сваёй справе і часта проста не трацяць дэфіцытныя боепрыпасы на ракеты, якія ляцяць міма мэты і не трапляюць у населеныя пункты.
Іншы высокапастаўлены прадстаўнік NATO на закрытым брыфінгу для прэсы абверг шматлікія паведамленні пра тое, што аперацыя ЗША ў Іране выклікала спыненне паставак боепрыпасаў і абсталявання ва Украіну. Паводле яго слоў, Украіна атрымлівае амерыканскія пастаўкі ў поўным аб’ёме, а таксама пастаўкі з Еўропы, якія за апошні год павялічыліся. Пры гэтым ён адзначыў, што ў NATO не ўспрымаюць падтрымку Украіны як дабрачыннасць, а як партнёрства, падчас якога бакі дапамагаюць адзін аднаму падрыхтавацца да розных аспектаў вядзення сучаснай вайны.
Разам з тым у NATO не бачаць перспектыў хуткага заканчэння расійска-ўкраінскай вайны. Нягледзячы на тое, што расіяне пачынаюць усё больш адчуваць наступствы вайны нават у Маскве і Пецярбургу, дзе раней іх можна было не заўважаць, расійскае кіраўніцтва не пасылае ніякіх сігналаў, якія сведчылі б пра гатоўнасць да завяршэння вайны.
Слова «Беларусь» ні разу не прагучала на асноўных прэс-канферэнцыях і брыфінгах сустрэчы міністраў абароны. На палях і ў кулуарах яно гучала пераважна ад беларускіх журналістаў. Так, на пытанне журналіста Reform.news адзін з высокапастаўленых прадстаўнікоў NATO сказаў, што разведка Альянсу не бачыць ніякіх прыкмет размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі, нягледзячы на шматлікія заявы расійскага і беларускага кіраўніцтва, а таксама розныя вучэнні па ўжыванні гэтай зброі.
Тым не менш гэтыя вучэнні сведчаць пра тое, што беларускія вайскоўцы трэніруюцца для таго, каб быць гатовымі да хуткай інтэграцыі ў расійскую вайсковую машыну, і тактычная ядзерная зброя можа з’явіцца ў Беларусі дастаткова хутка. Таксама, паводле яго ацэнкі, размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі нічога не зменіць у вайсковых адносінах і будзе толькі чарговай ядзернай пагрозай, да якой Крэмль звяртаецца, каб адцягнуць увагу ад сваіх паражэнняў на полі бою.