Намеснік кіраўніка Пентагона прадставіў бачанне NATO 3.0

Намеснік міністра вайны ЗША Элбрыдж Колбі на сустрэчы з калегамі па NATO прадставіў амерыканскае бачанне будучыні альянсу. Ён назваў яго NATO 3.0.

Згодна з тэкстам прамовы, апублікаванай Пентагонам, NATO 3.0 у разуменні сённяшняга кіраўніцтва ЗША будзе бліжэй да мадэлі альянсу, якая існавала пасля яго заснавання.

“На працягу ўсёй Халоднай вайны «NATO 1.0», як мы маглі б яго назваць, вызначалася жорсткім, рэалістычным і цвярозым падыходам да стрымлівання і абароны. Ад саюзнікаў з самага пачатку чакалася, што яны ўнясуць свой уклад, пра што сведчаць яшчэ артыкул III Вашынгтонскага дагавора і Лісабонскія абавязацельствы 1951 года”, – сказаў ён.

Пасля заканчэння Халоднай вайны з’явілася NATO 2.0.

“Гэта версія Альянса характарызавалася зрушэннем намаганняў і акцэнтам з абароны Еўропы на аперацыі за межамі зоны адказнасці і істотнае раззбраенне на кантыненце, а таксама змяненнем падыходу ад жорсткага, гнуткага рэалізму NATO 1.0 часоў Халоднай вайны да значна больш ліберальнага інтэрнацыяналістычнага мыслення, заснаванага на «міжнародным парадку, які базуецца на правілах», – сказаў Колбі.

Паводле яго слоў, такі падыход больш не адпавядае патрабаванням часу. Неабходна NATO 3.0, якое патрабуе “ад нашых саюзнікаў значна большых намаганняў, каб актывізавацца і ўзяць на сябе асноўную адказнасць за звычайную абарону Еўропы”.

“Еўропа валодае велізарнымі перавагамі: яна багатая, густанаселеная і мае ўражлівы прамысловы і тэхналагічны патэнцыял. І Еўропа сутыкаецца на ўласным кантыненце з рэальнай і пастаяннай ваеннай пагрозай.

У той жа час Злучаныя Штаты павінны — і будуць — надаваць прыярытэт тых тэатрам ваенных дзеянняў і выклікам, дзе толькі амерыканская моц можа адыграць вырашальную ролю, як гэта прадугледжана Нацыянальнай стратэгіяй абароны.

Гэта не адступленне ад Еўропы. Гэта, хутчэй, пацвярджэнне стратэгічнага прагматызму і прызнанне бясспрэчнай здольнасці нашых саюзнікаў узяць на сябе вядучую ролю ў абароне Еўропы такім чынам, каб усе мы сталі мацнейшымі і бяспечнейшымі. Выкарыстоўваючы нашы адпаведныя моцныя бакі і спецыялізуючыся ў галінах, дзе мы найлепш можам дзейнічаць, мы можам пабудаваць больш збалансаваны, эфектыўны і ўстойлівы Альянс”, – патлумачыў Колбі.

Паводле яго слоў, прыярытэтным для ЗША з’яўляецца Інда-Ціхаакіянскі рэгіён, у той жа час “Еўропа павінна выставіць на поле бою пераважную большасць сіл, неабходных для стрымлівання і, пры неабходнасці, адбіцця звычайнай агрэсіі ў Еўропе”. Пры гэтым ЗША працягваюць забяспечваць ядзернае стрымліванне, а таксама “у больш абмежаваным і мэтанакіраваным аб’ёме, прадастаўляць звычайныя сродкі, якія спрыяюць абароне NATO”.

“Мы працягнем трэніравацца, праводзіць вучэнні і планаваць разам з нашымі саюзнікамі. І мы ў Міністэрстве абароны працягнем рыхтаваць нашы сілы да выканання сваёй часткі работы ў адпаведнасці з артыкулам V, пры гэтым Еўропа будзе адыгрываць вядучую ролю ў сваёй звычайнай абароне”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!